Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінабароны Беларусі заявіла пра зьбіцьцё дронаў, у Гомлі прагучалі выбухі

абноўлена
Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У мясцовых суполках Гомля ідзе абмеркаваньне начных падзей і называюцца месцы падзеньня БПЛА.

Мінабароны Беларусі пацьвердзіла факт зьнішчэння цэляў, якія заляцелі ў Беларусь у ноч на 5 верасьня.

«Сёньня ноччу, 5 верасьня, быў зафіксаваны факт парушэньня дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь у паветранай прасторы, як мяркуецца, бесьпілётнымі лятальнымі апаратамі», — паведаміла прэс-служба Міністэрства абароны са спасылкай на начальніка галоўнага штабу – першага намесьніка камандуючага ВПС і войскамі СПА Сяргея Фралова.

«Было прынятае рашэньне на іх зьнішчэньне. Своечасовымі дзеяньнямі дзяжурных сіл супрацьпаветранай абароны ўсе цэлі парушальнікаў былі зьнішчаныя. Па гэтым факце праводзіцца праверка», — заявіў афіцэр.

Спачатку два ўкраінскія тэлеграм-каналы monitor і «Николаевский Ванёк» паведамілі пра тое, што на тэрыторыю Беларусі заляцелі два расейскія бесьпілётнікі. «Шахеды» накіраваліся ў бок Гомля.

Уначы «Чат дорожных происшествий» паведаміў пра тое, што над Гомлем падаюць зьбітыя БПЛА. Там сама зьявіліся відэа меркаванага зьбіцьця дронаў.

«Флагшток» адзначае, што, а 23-й гадзіне над горадам лятаў самалёт, як мяркуецца, зьнішчальнік Узброеных сілаў Беларусі. Таксама СМІ паведаміла пра меркаваныя месцы падзеньня зьбітых дронаў.

«Папярэдняе месца падзеньня рэштак аднаго расейскага БПЛА па зьвестках геалякацыі і паведамленьнях карыстальнікаў у гарадзкіх чатах — Навабеліцкі раён у квартале завулкаў 6-ы і 8-ы Ільліча. Паводле інфармацыі „Флагштоку“, недалёка ад названага месца на вул. 3-й Транзытнай пажарная каманда тушыла невялікае ўзгараньне.

Таксама з раённага чату ёсьць інфармацыя аб тушэньні пажару ў тым жа раёне па вуліцы Белага: „На Хутары ў прыватным сэктары, за крамай „Суседзі“, затушылі».

Пазьней «Николаевский Ванёк» паведаміў пра яшчэ адзін расейскі дрон у кірунку Хойнікаў.

«Сыстэма апавяшчэньня, якую бесьперапынна мантуюць і выпрабоўваюць з 2022 году, не змагла папярэдзіць гамяльчан падчас атакі расейскімі БПЛА», — зазначыў «Флагшток».

Гэтую інфармацыю пацьвярджае і дасьледніцкі праект «Беларускі Гаюн».

У выніку падзеньня абломкаў зьбітага бесьпілётніка загарэўся склад у Гомлі на 8-м завулку Ільіча. Аб гэтым паведаміла прэс-служба МНС.

«Падразьдзелы МНС зьліквідавалі пажар. Ніхто не пацярпеў. Агнём пашкоджана 5 кв. мэтраў даху», — паведаміла прэс-служба ведамства.

Начныя падзеі ў Гомлі пракамэнтавала і кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту Сьвятлана Ціханоўская. Яна адзначыла, што «нават прапаганда рэжыму» ўжо ня можа хаваць таго, што «вайна адчуваецца ўсё мацней».

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG