Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На волю праз памілаваньне выйшла актывістка руху «Маці-328» Марына Кісялевіч

Марына Кісялевіч, архіўнае фота
Марына Кісялевіч, архіўнае фота

4 верасьня на свабоду праз памілаваньне выйшла палітзьняволеная актывістка руху «Маці-328» Марына Кісялевіч. Пра гэта паведаміла на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» кіраўніца ініцыятывы «Палітвязынка» Яўгенія Доўгая.

Марыну Кісялевіч затрымалі 7 лютага 2022 году паводле «даносу неабыякавага» па допісах «УКантакце» па двух дыфамацыйных артыкулах Крымінальнага кодэксу: ч. 2 арт. 368 (абраза Лукашэнкі) і ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку).

Марыну доўгі час утрымлівалі ў РНПЦ псыхічнага здароўя ў Навінках, потым яе перавялі ў СІЗА № 1. Вядома, што ў зьняволеньні жанчыну зьмяшчалі ў карцар за нязгоду з пастаноўкай на ўлік як «схільную да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасьці», а яна абвяшчала галадоўку.

У траўні 2022 году Марыну Кісялевіч асудзілі на 4 гады абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Тэрмін жанчына адбывала ў берасьцейскай ПУАТ-1.

Паводле зьвестак праваабаронцаў, 12 красавіка 2024 году прайшло судовае пасяджэньне па ўзмацненьні пакараньня Марыне Кісялевіч: у выніку ёй замянілі абмежаваньне волі на пазбаўленьне волі ў калёніі тэрмінам на 10 месяцаў.

Сын Марыны Кісялевіч быў асуджаны ў 2017 годзе на 13 гадоў калёніі.

  • 4 верасьня стала вядома, што Аляксандар Лукашэнка памілаваў 30 чалавек, асуджаных за «злачынствы пратэставай накіраванасьці». Сярод памілаваных 7 жанчын і 23 мужчыны. Большасьць асуджаных — бацькі непаўналетніх і малалетніх дзяцей. Большасьць зь іх былі асуджаныя паводле артыкулаў аб «абразе» і «паклёпе», удакладніў генпракурор Беларусі Андрэй Швед.
  • 3 ліпеня выйшлі на волю 18 палітзьняволеных. Сярод іх — 4 жанчыны і 14 мужчын, у тым ліку асуджаны на 10 гадоў калёніі і хворы на анкалёгію Рыгор Кастусёў.
  • 16 жніўня Лукашэнка падпісаў указ аб памілаваньні 30 палітзьняволеных, сярод якіх 14 жанчын і 16 мужчын, некаторыя зь іх маюць сур’ёзныя захворваньні. Таксама ёсьць пэнсіянэры. Прозьвішчаў памілаваных тады афіцыйна таксама не называлі, сам указ не публікаваўся. Пасьля праваабаронцам сталі вядомыя прозьвішчы некаторых вызваленых вязьняў, сярод іх — Ксенія Луцкіна, Вольга Новікава, Ала Зуева, Вольга Стаброўская, Васіль Берасьнеў, Ірына Санкоўская, Кацярына Леў, Натальля Пятровіч, Тамара Каравай, Сьвятлана Палуэктава, Яўген Чуміла.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG