Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Фактычна Марыя ў калёніі галадае. Чулі, што яна важыць 45 кіляграмаў», — сястра палітзьняволенай Калесьнікавай

Марыя Калесьнікава падчас суду, архіўнае фота. Менск, 6 верасьня 2021 году
Марыя Калесьнікава падчас суду, архіўнае фота. Менск, 6 верасьня 2021 году

Паводле сястры палітзьняволенай Марыі Калесьнікавай Тацяны Хоміч, інфармацыя пра сястру да сям’і даходзіць «літаральна па драбочку», у асноўным ад вязьняў, якія вызваліліся. Пра гэта Тацяна Хоміч расказала ў інтэрвію «Настоящему времени».

Тацяна Хоміч нагадала, што Марыя Калесьнікава больш за паўтара года знаходзіцца ў памяшканьні камэрнага тыпу (ПКТ). Але, паводле зьвестак Тацяны, з ПКТ сястру пэрыядычна зьмяшчаюць яшчэ і ў ШЫЗА, а там дзейнічаюць абмежаваньні на набыцьцё тавараў і на перадачы.

Між тым Марыі Калесьнікавай, якая перанесла апэрацыю на прабадной язьве, патрэбнае адмысловае харчаваньне, кажа сястра зьняволенай Тацяна. Паводле ейнай інфармацыі, у ШЫЗА набыць гэтую ежу сястра ня можа. Таксама, паводле Тацяны Хоміч, для нармальнага харчаваньня Марыі не хапае грошай, якія дазваляюць патраціць у ПКТ.

«Турэмную ежу яна ня можа есьці, гэта вельмі грубая для яе ежа. Умовы ў ПКТ прадугледжваюць, што можна патраціць 35–70 рублёў на месяц, гэта каля 10–20 эўра на месяц. Але ўявіце, што на гэтыя грошы можна набыць у Беларусі? У лепшым выпадку гарбату, печыва. Але ж ёй яшчэ патрэбныя пракладкі, рэчы гігіены, якія ў перадачах да яе не трапляюць. Таму ўвесь гэты час Маша недаядае, фактычна яна галадае», — расказала Тацяна Хоміч пра сястру.

Таксама Тацяна пракамэнтавала тое, што цяпер адбываецца ў зьняволеньні зь яе сястрой.

«Ад гэтага, скажу шчыра, я шакаваная. Мы пачулі, што яна важыць 45 кіляграмаў, і гэта пры яе росьце ў 175 — уявіце!» — кажа Тацяна Хоміч.

Напярэдадні выданьне «Новы час» са спасылкай на сваю крыніцу паведаміла, што з кастрычніка 2023 году Марыі Калесьнікавай не перадаюць лістоў: іх ірвуць у яе на вачах. На думку Тацяны Хоміч, ейнай сястры стварылі такую ізаляцыю, «каб яна думала, што пра яе ўсе забылі».

«А яшчэ — каб не магла пра сябе перадаць нейкія зьвесткі, паколькі лічаць, што нават цяпер Маша — той чалавек, які вельмі моцна натхняе людзей. Але чаму да ўсяго гэтага дадаецца яшчэ і галадаваньне?

Гэтыя ўмовы, якія ёй ствараюць, — вось гэта мне незразумела! Я лічу, што гэта немагчыма — у XXI стагодзьдзі, у цэнтры Эўропы мець такія цяжкія і нечалавечыя ўмовы. І я баюся, што ў нейкі момант можа паўтарыцца сытуацыя, як з Аляксеем Навальным, якую мы назіралі паўгода таму», — выказала асьцярогу Тацяна Хоміч.

  • У верасьні 2021 году Менскі абласны суд пакараў Калесьнікаву 11 гадамі пазбаўленьня волі ў справе аб публічных закліках да прычыненьня шкоды нацыянальнай бясьпецы, стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня і змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам. Праваабаронцы прызналі яе палітзьняволенай. Сваякі Калесьнікавай атрымалі апошні ліст ад яе 15 лютага 2023 году. Улады Беларусі не паведамляюць родным ніякай інфармацыі пра яе.
  • Палітзьняволеная, асуджаная на 11 гадоў калёніі, знаходзіцца ў гомельскай жаночай ПК у рэжыме інкамунікада: блізкія ня ведаюць пра яе нічога больш за год, яна ізаляваная ад іншых зьняволеных, не атрымлівае ні лістоў, ні перадач.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG