Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перад разглядам справы Андрэя Гнёта каля суду ў Бялградзе прайшоў пікет у яго падтрымку

Удзельнікі акцыі перад судом у Бялградзе запатрабавалі вызваленьня беларуса Андрэя Гнёта
Удзельнікі акцыі перад судом у Бялградзе запатрабавалі вызваленьня беларуса Андрэя Гнёта

Актывісты патрабуюць адпусьціць беларускага рэжысэра на волю, адхіліўшы ягоную экстрадыцыю.

27 жніўня перад будынкам Апэляцыйнага суду ў Бялградзе адбыўся пікет, на якім антываенныя актывісты і грамадзкія дзеячы запатрабавалі вызваленьня беларуса Андрэя Гнёта, якога Сэрбія раней пастанавіла выдаць рэжыму Лукашэнкі. Зараз пачынаецца разгляд апошняй апэляцыйнай скаргі на гэтае рашэньне.

Ад 5 чэрвеня беларускі рэжысэр знаходзіцца пад хатнім арыштам, да гэтага ён 7 месяцаў знаходзіўся ў ізалятары. Як паведамляе карэспандэнт Балканскай службы Радыё Свабода, Андрэй Гнёт ужо прыбыў у Апэляцыйны суд.

«Сэрбія, мы на цябе разьлічваем», «Андрэй Гнёт не злачынца, а закладнік дыктатуры Лукашэнкі» і «Экстрадыцыя роўная сьмерці» — вось некаторыя з тэкстаў на плякатах, якія прынесьлі ўдзельнікі акцыі.

Удзельнік акцыі
Удзельнік акцыі
Плякаты ўдзельніц пікету
Плякаты ўдзельніц пікету

Адзін з тэкстаў нагадвае, што ў Беларусі на сёньня 1372 палітычныя вязьні, а з экстрадыцыяй Гнёта Сэрбія дапаможа рэжыму Лукашэнкі павялічыць іх колькасьць.

Перад Апэляцыйным судом у Бялградзе
Перад Апэляцыйным судом у Бялградзе

Андрэя Гнёта затрымалі ў аэрапорце Бялграду пасьля прылёту з Тайлянду ў кастрычніку 2023 году. З таго часу ён у зьняволеньні. Абвінавачваньні Менску ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў Гнёт называе «хлусьлівымі», гаворачы пра тое, што сапраўдная матывацыя ягонага затрыманьня — удзел у пратэстах і выказваньні супраць дыктатуры.

Дзясяткі эўрапейскіх рэжысэраў, актораў і іншых дзеячаў мастацтва заклікалі сэрбскія ўлады не выдаваць Гнёта і папярэдзілі, што ў выпадку вяртаньня ў Беларусь яму пагражае «турма, катаваньні і нават сьмяротнае пакараньне». Адкрыты ліст дзеячаў мастацтва быў апублікаваны 26 жніўня, пра яго паведаміла газэта Guardian.

Пра справу Андрэя Гнёта напісалі і ў Эўрапейскі суд у правах чалавека ў Страсбургу. Суд тры разы адмовіў беларусу ў абароне, адзначыўшы, што будзе разглядаць справу толькі пасьля канчатковага рашэньня сэрбскіх установаў. Але абарона Гнёта баіцца, што сэрбскія ўлады ў выпадку ўхваленьня рашэньня ад выдачы перададуць Гнёта рэжыму Лукашэнкі хутчэй, чым са Страсбургу прыйдзе рашэньне пра пачатак разгляду справы на ўзроўні ЭСПЧ.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG