Нямецкая паліцыя расказала, колькі нелегальных мігрантаў прыбыло па «беларускім маршруце»

Мігранты каля сьцяны на мяжы Польшчы зь Беларусьсю
Мігранты каля сьцяны на мяжы Польшчы зь Беларусьсю

3117 несанкцыянаваных уездаў па так званым «беларускім маршруце» зафіксавала фэдэральная паліцыя Нямеччыны сёлета, гаворыцца ў адказе фэдэральнага ўраду на запыт парлямэнцкай групы «Альтэрнатыва для Нямеччыны».

Пра гэта паведамляе выданьне reform.news са спасылкай на нямецкі друк.

Згодна з адказам, у першым паўгодзьдзі 2024 году трыма найбольш распаўсюджанымі этнасамі сярод нелегальных мігрантаў былі афганцы — 1140 выпадкаў, сырыйцы — 725 выпадкаў і самалійцы — 243 выпадкі.

Нямецкіх дэпутатаў цікавіла, як зьмянялася колькасьць нелегальных уездаў у Нямеччыну празь «беларускі маршрут» зь ліпеня 2021 году да канца чэрвеня 2024 году.

У адказе адзначаецца, што фэдэральная паліцыя пачала ўлік па гэтым маршруце з траўня 2021 году, але якасна правераныя статыстычныя дадзеныя ёсьць толькі з 2022 году.

Паводле справаздачы, у 2021 годзе ў Нямеччыну празь «беларускі маршрут» трапіла 11 228 нелегальных мігрантаў, у 2022 годзе — 8760, у 2023-м — 11 932.

​
XS
SM
MD
LG