Прэмʼер Польшчы Туск прызнаў зьніжэньне міграцыйнага ціску на мяжы зь Беларусьсю

Дональд Туск. Архіўнае фота
Дональд Туск. Архіўнае фота

Кіраўнік ураду Польшчы Дональд Туск зьвязаў зьніжэньне міграцыйнага ціску на мяжы зь Беларусьсю зь нядаўняй адпраўкай на дапамогу ў яе ахове падразьдзяленьняў паліцыі.

«Вынікі сапраўды дзівосныя. Жадаю падтрымаць вас у тым, што вы тамака робіце. І мяне, і вас часта крытыкуюць, але мы добра ведаем, якую важную місію выконваем на мяжы, — сказаў Туск падчас урачыстай імпрэзы, прысьвечанай 105-годдзю польскай паліцыі. — Яшчэ ў траўні было 7 тысяч спроб незаконнага пераходу мяжы, яшчэ ў чэрвені было каля 4 тысяч спроб парушэньня мяжы, а ў ліпені — 800. З моманту, як паліцыя далучылася да дапамогі Памежнай ахове на мяжы, маем справу зь вельмі сурʼёзнымі пазытыўнымі фактамі. Польшча зьяўляецца больш бясьпечнай дзякуючы вашым намаганьням».

Кіраўнік ураду Польшчы таксама расказаў, што вырашыў выдзеліць на патрэбы паліцэйскіх падразьдзяленьняў дадатковы мільярд злотых на будучы год.

На фоне абвастрэньня міграцыйнага крызісу сёлета напрыканцы вясны на польска-беларускую мяжу былі адпраўленыя падразьдзяленьні паліцыі, падрыхтаваныя для супрацьдзеяньня масавым беспарадкам. Сярод іх абавязкаў ня толькі ахова мяжы, але і навучаньне памежнікаў і салдат спэцыфічным прыёмам працы.

​
XS
SM
MD
LG