Лукашэнка хоча знайсьці «шляхі супрацы з Эўразьвязам»

Аляксандар Лукашэнка. Архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка. Архіўнае фота

У паведамленьні прэс-службы Лукашэнкі адзначаецца, што «Беларусь пасьпяхова разьвівае дачыненьні і зь іншымі дружалюбнымі краінамі, не губляюцца кантакты з Эўрапейскім Зьвязам».

Аляксандар Лукашэнка заявіў на нарадзе ў Менску пра неабходнасьць дывэрсыфікацыі экспарту:

«Мы дамаўляліся пра тое, што яйкі ў адзін кошык класьці ні ў якім выпадку нельга. Чым больш кошыкаў, тым лепей. Таму намалявалася далёкая дуга», — сказаў Аляксандар Лукашэнка на нарадзе аб пытаньнях разьвіцьця беларускай прамысловасьці.

Як адзначаецца на ягоным афіцыйным сайце, Лукашэнка назваў Расею і Кітай асноўнымі партнэрамі Беларусі.

«Гэта нашыя традыцыйныя партнэры. Гэта наш „якар“, мы заякарыліся. І калі нехта мяркуе, што „вось мы сыдзем з Расеі і Кітаю, заўтра нас прымуць з распасьцёртымі рукамі“, — лухта поўная. Так, мы невялікая экспартная эканоміка. Але варта разумець, што гэта мільярды даляраў. Канкурэнцыя сур’ёзная, і з нашымі таварамі нас нідзе ніхто асабліва не чакае. Таму Расея і Кітай, асабліва Расея, — гэта наш традыцыйны рынак. Эканоміка, тут нікуды не падзецца», — сказаў ён.

У паведамленьні адзначаецца, што «Беларусь пасьпяхова разьвівае дачыненьні і зь іншымі дружалюбнымі краінамі, не губляюцца кантакты з Эўрапейскім Зьвязам».

«Гэта нашы суседзі — Эўрапейскі Зьвяз. Зь імі трэба знайсьці шляхі супрацы. Калі ім трэба нешта набыць, а нам трэба нешта прадаць на іхным рынку, — гэта ўзаемавыгадны інтарэс. Як бы палітыкі ні спрабавалі стварыць бар’еры, калі бізнэсу трэба, ён знойдзе шляхі для таго, каб прабіцца на тыя ці іншыя рынкі», — заявіў Лукашэнка.

Паводле яго, уступ Беларусі ў Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва «адкрывае абсалютна ўнікальныя магчымасьці па прасоўваньні прамысловай прадукцыі ў краіны ШАС».

«І варта шырока разьвіваць і гэтыя кірункі. Гэта дадатковае вакно ў гэтыя краіны», — перакананы ён.

Эўрапейскі Зьвяз з 2020 году пачаў сыстэмна ўводзіць санкцыі супраць Аляксандра Лукашэнкі, чыноўнікаў і дзяржаўных прадпрыемстваў за фальсыфікацыю вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. Пазьней Эўразьвяз пашырыў свае санкцыі — за стварэньне мігранцкага крызісу на мяжы з Польшчай, Літвой і Латвіяй, а таксама за падтрыманьне Лукашэнкам расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну, якое адбылося ў тым ліку і з тэрыторыі Беларусі.

Да Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва Беларусь далучылася ў ліпені 2024 году.

​
XS
SM
MD
LG