Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мае інваліднасьць, дзейнічаў з адчаю. Што вядома пра беларуса, які кінуў «кактэйлі Молатава» ў каралеўскі замак у Осла

Каля каралеўскага палаца ў Осла, архіўнае фота
Каля каралеўскага палаца ў Осла, архіўнае фота

Беларус, які кінуў «кактэйлі Молатава» ў каралеўскі замак у Осла (Нарвэгія), мае інваліднасьць, кажа, што зрабіў гэта з чыстага адчаю, і цяпер супрацоўнічае са сьледзтвам, паведамляе выданьне TV 2.

Затрыманаму беларусу 57 гадоў. 9 ліпеня яго дапыталі ў паліцыі. Там ён падрабязна расказаў пра інцыдэнт, які адбыўся 8 ліпеня, і пра яго прычыну. Як сказала выданьню адвакатка беларуса Марыяна Лозіч, ён кажа, што дзейнічаў «ад чыстага адчаю» і не хацеў нанесьці нікому шкоды, ягоны ўчынак быў крыкам аб дапамозе. Паводле адвакаткі, сваім учынкам мужчына спадзяваўся прыцягнуць увагу СМІ.

«Ён лічыць, што па ўсёй Эўропе сутыкаецца з парушэньнямі правоў чалавека, што не атрымлівае патрэбнай дапамогі як чалавек з інваліднасьцю. Гэта была адчайная спроба атрымаць дапамогу», — патлумачыла Марыяна Лозіч.

Выданьню вядома, што беларуса раней дэпартавалі з Эўразьвязу, а таксама Нарвэгіі, Ісьляндыі, Швайцарыі і Ліхтэнштэйну з забаронай на ўезд на працягу 10 гадоў. Адпаведны дакумэнт апублікавала ў траўні 2024 году пракуратура Нідэрляндаў. Паводле адвакаткі, мужчына «хацеў прыехаць у краіну з дэмакратычнымі каштоўнасьцямі», якая не зьяўляецца часткай ЭЗ, «зь якога ён хацеў выехаць», — так ён апынуўся ў Нарвэгіі. Адвакатка ня стала расказваць падрабязнасьці таго, як беларус трапіў у краіну.

На думку Марыяны Лозіч, мужчына дакладна ня ведаў, у які будынак кідае бутэлькі з запальнай сумесьсю, і імаверна думаў, што гэта будынак парлямэнту Нарвэгіі, бо зьдзівіўся, калі даведаўся, што напаў на каралеўскі палац.

«Ён, напэўна, думаў, што гэта Стортынг, таму што там сядзяць тыя, хто прымае рашэньні ў краіне, і яны павінны расплюшчыць вочы на парушэньні правоў чалавека ў адносінах да людзей з інваліднасьцю», — кажа адвакатка.

Паводле адвакаткі, мужчына кажа, што дбаў аб тым, каб ніхто не пацярпеў, і пераканаўся, што паблізу не было людзей.

Цяпер беларус, паводле Марыяны Лозіч, «поўны рашучасьці панесьці пакараньне» за свой учынак і супрацоўнічае са сьледзтвам, але «ўсё ж спадзяецца, што гэта выкліча дастатковую цікавасьць» да праблемаў людзей з інваліднасьцю.

Затрыманаму прад’явілі абвінавачаньне ў нанясеньні сурʼёзнай шкоды і захоўваньні запальных бомбаў. Меру стрыманьня абяруць 10 ліпеня.

Паводле інфармацыі выданьня, у ноч перад здарэньнем беларус спаў каля амбасады Канады ў Осла. Калі яна адчынілася, ён паспрабаваў перадаць сваё паведамленьне і папрасіць прытулку ў Канадзе, бо «не хацеў мець нічога агульнага з Эўропай». Калі яго не зразумелі ў канадзкай амбасадзе, ён вырашыў зьвярнуць на сябе ўвагу іншым чынам. TV 2 зьвязаўся з амбасадай Канады ў Осла, але там адмовіліся гэта камэнтаваць.

  • 8 ліпеня беларус кінуў запальную сумесь у дзьверы каралеўскага палаца ў Осла. У гэты час у будынку знаходзіліся амаль 180 чалавек, у тым ліку чалец каралеўскай сямʼі. Звонку сьцяны ўспыхнула полымя, агонь хутка патушылі. Дзьверы палаца сурʼёзна не пацярпелі, іншых пашкоджаньняў не было.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG