8 ліпеня расейскія войскі нанесьлі ракетны ўдар адразу па некалькіх гарадах Украіны. Масавы ўдар па Ўкраіне нанесьлі больш як 40 ракетамі розных тыпаў, заявіў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Расея атакавала Кіеў, Дніпро, Крывы Рог, Славянск і Краматорск.
Колькасьць пацярпелых у выніку атакі Расеі па Кіеве вырасла да 100 чалавек, паведамляе Офіс Генпракурора Ўкраіны. Паводле стану на 19-ую 9 ліпеня вядома пра 30 загінулых, зь іх 4 дзяцей, якіх дасталі з-пад завалаў шматкватэрнага дома. 7 загінулых у Саламянскім раёне, 14 — у Шаўчэнкаўскім і яшчэ 9 — у Дняроўскім раёне.
Траўмы атрымалі агулам 70 чалавек. Усе пацярпелыя — мірныя жыхары.
Раніцай 9 ліпеня Ўладзімір Зяленскі паведамляў, што агульная колькасьць ахвяраў расейскага масіраванага ракетнага ўдару па Ўкраіне 8 ліпеня вырасла да 43, сярод іх чацьвёра дзяцей. Яшчэ 190 чалавек атрымалі раненьні рознай ступені цяжкасьці. Паводле яго, па стане на раніцу 9 ліпеня ў бальніцах Кіева знаходзіліся 64 пацярпелых, Крывога Рога — 28 чалавек.
Сярод іншых аб’ектаў ад расейскай ракеты пацярпела адно з памяшканьняў дзіцячай лякарні «Охматдит» у Кіеве. Пашкоджаны будынак, у якім дзеці праходзілі дыяліз, паведаміў міністар аховы здароўя Ўкраіны Віктар Ляшко. Служба бясьпекі Ўкраіны назвала атаку «тэрарыстычным актам» і адкрыла з гэтай нагоды крымінальную справу.
Паводле папярэдніх зьвестак сьледзтва, Узброеныя сілы Расеі для атакі на мэдычную ўстанову выкарысталі стратэгічную крылатую ракету Х-101.
Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША заявіў, што расейцы наўмысна атакуюць такія аб’екты.
«Мы бачылі, як Расея нанесла чарговы жорсткі ракетны ўдар па мірным насельніцтве Кіева і іншых гарадоў Украіны… Гэта аб’екты, якія ня служаць ніякай ваеннай мэце. Украінскай вайсковай тэхнікі яны не хаваюць. Украінскіх вайскоўцаў яны не хаваюць. Гэта цывільная інфраструктура, якая ня можа і не павінна быць аб’ектам ваенных нападаў. Але мы зноў бачым, што Пуцін наўмысна атакуе цывільную інфраструктуру ў рамках сваёй крывавай вайны супраць Украіны», — сказаў Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Мэт’ю Мілер.
У Пэнтагоне пагадзіліся з заявай Дзярждэпартамэнту і адзначылі, што Расея не ўпершыню атакуе відавочна цывільныя аб’екты.
«Я думаю, вы ўбачыце на саміце на гэтым тыдні дэманстрацыю сілы, адзінства і рашучасьці альянсу NATO, асабліва ў дапамозе Ўкраіне абараніць сябе і свой сувэрэнітэт», — сказаў прэс-сакратар Пэнтагону Пэт Райдэр.
Акрамя яго, пра магчымасьць таго, што ЗША і хаўрусьнікі па NATO на тыдні аб’явяць пра новыя захады ўмацаваньня СПА Ўкраіны, сказаў прэзыдэнт Злучаных Штатаў Джо Байдэн.
Расея спрабуе адмовіцца ад адказнасьці за ракетны абстрэл дзіцячай лякарні, гаворыцца ў справаздачы Амэрыканскага інстытуту вывучэньня вайны (ISW). Аналітыкі адзначылі, што расейскія афіцыйныя асобы і суб’екты інфармацыйнай прасторы робяць ілжывыя заявы пра ракеты і стан шпіталя — усё гэта супярэчыць наяўным доказам.
Некаторыя расейскія блогеры сьцьвярджалі, што расейскія войскі спрабавалі нанесьці ўдар па машынабудаўнічым заводзе імя Арцёма, які знаходзіцца прыкладна за 1,6 кілямэтра на поўнач ад «Охматдиту», але насамрэч удар па заводзе нанесьлі іншыя расейскія ракеты, заявілі ў ISW.
Экспэрт вайсковага парталу Defense Express Іван Кірычэўскі паведаміў украінскай службе Свабоды пра тое, што расейская ракета мела каардынаты лякарні. Ён расказаў пра рух і траекторыю ракеты.
Прэзыдэнт 78-й сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН Дэніс Фрэнсіс асудзіў атакі расейцаў. Ён заклікаў да салідарнасьці з Украінай у гэты няпросты момант.
«Я глыбока засмучаны гэтай трагедыяй. Маё сэрца з ахвярамі і іхнымі сем’ямі. Я толькі што пакінуў Украіну, дзе стаў сьведкам стойкасьці і мужнасьці ўкраінскага народу перад абліччам расейскай агрэсіі. Гэты несумленны напад на мірных жыхароў, асабліва дзяцей, зьяўляецца грубым парушэньнем міжнароднага права і прынцыпаў Статуту ААН. Усе цывільныя асобы павінны быць абаронены», — адзначыў Фрэнсіс.
«Охматдит» — найбуйнейшая дзіцячая лякарня Ўкраіны. Штогод у ёй лечаць больш за 20 тысяч дзяцей з усёй краіны. Загінулі двое дарослых, адна зь іх мэдык, 10 чалавек пацярпелі. Яшчэ некалькі будынкаў пашкоджаныя. Працягваюцца работы ў разьбіраньні завалаў і пошуку людзей.
Улады ўкраінскай сталіцы абвясьцілі 9 ліпеня днём жалобы. У гэты дзень на ўсіх гарадзкіх будынках будуць прыспушчаны сьцягі. Таксама рэкамэндавана прыспусьціць дзяржаўныя сьцягі на дзяржаўных і прыватных будынках.
Мэр Кіева Віталь Клічко заявіў, што ў горадзе забароненыя ўсе забаўляльныя мерапрыемствы, а радыёстанцыі і тэлеканалы павінны ўнесьці зьмены ў сваю сетку вяшчаньня.
Форум