Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Кітаю выступіў за спыненьне агню ва Ўкраіне

Віктар Орбан і Сі Цзіньпін, Пэкін, 8 ліпеня 2024
Віктар Орбан і Сі Цзіньпін, Пэкін, 8 ліпеня 2024

Па выніках сустрэчы з прэм’ерам Вугоршчыны Віктарам Орбанам Сі Цзіньпін заклікаў сусьветную супольнасьць садзейнічаць аднаўленьню дыялёгу паміж Масквой і Кіевам.

У вайне Расеі супраць Украіны неабходна дамагчыся спыненьня агню з далейшым пачаткам мірных перамоваў. Міжнародная супольнасьць павінна спрыяць аднаўленьню дыялёгу наўпрост паміж Масквой і Кіевам. Такую заяву зрабіў старшыня КНР Сі Цзіньпін пасьля сёньняшняй сустрэчы з прэмʼер-міністрам Вугоршчыны Віктарам Орбанам у Пэкіне.

Пра гэта паведамляе DW.

Спыненьне агню ў вайне Расеі супраць Украіны і наступныя мірныя перамовы «будуць адпавядаць інтарэсам усіх закранутых бакоў», прыводзяць словы кітайскага лідэра дзяржаўныя СМІ Кітаю.

Адзначаецца, што Сі ня стаў канкрэтызаваць, на якіх умовах можа ўступіць у сілу рэжым спыненьня агню ва Ўкраіне і якія бакі павінны ўдзельнічаць у гэтым працэсе. Лідэр КНР адзначыў толькі, што для гэтага патрэбная «пазытыўная энэргія».

Кіраўнік ураду Вугоршчыны Віктар Орбан, чыя краіна паводле ратацыйнага прынцыпу 1 ліпеня стала на паўгода старшынёй Эўрапейскай Рады, да візыту ў Пэкін з уласнай ініцыятывы выправіўся спачатку ў Кіеў, а потым — у Маскву, каб абмеркаваць магчымыя ўмовы заканчэньня вайны Расеі з Украінай.

Пасьля вяртаньня з Кіева і Масквы Орбан расказаў, што ягоная прапанова спыніць баявыя дзеяньні, каб пачаць перамовы аб перамірʼі, не знайшла пазытыўнага водгуку ні ў расейскім, ні ва ўкраінскім кіраўніцтве. «І ўкраінцы, і расейцы адказалі адно і тое ж: што перамірʼе ў інтарэсах праціўніка, бо за гэты час ён зможа перабудавацца і падрыхтавацца да працягу вайны».

У Эўразьвязе рэзка скрытыкавалі візыт Орбана ў РФ, заявіўшы, што ён дзейнічае выключна як прэмʼер Вугоршчыны і «ніякім чынам» не прадстаўляе ў Маскве інтарэсы ЭЗ.

Орбан падкрэсьліў 8 ліпеня ў сацсетцы X, што Кітай «ключавая дзяржава ў стварэньні ўмоваў для міру ў вайне Расеі з Украінай».

Апошнім часам заходнія назіральнікі ня раз выказвалі думку, што Кітай забясьпечвае Расею таварамі падвойнага прызначэньня, падтрымліваючы тым самым баяздольнасьць Узброеных сілаў РФ.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG