Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Дэмакратычнай партыі ЗША выключылі замену Байдэна на прэзыдэнцкіх выбарах

Джо Байдэн, архіўнае фота
Джо Байдэн, архіўнае фота

Абмеркаваньне гатоўнасьці Джо Байдэна ўдзельнічаць у выбарах пачалося пасьля няўдалых для яго дэбатаў з прэтэндэнтам ад Рэспубліканскай партыі Дональдам Трампам.

Сярод лідэраў Дэмакратычнай партыі існуе ўпэўненасьць, што Джо Байдэн справіцца са сваімі задачамі, піша «Голас Амэрыкі».

Сэнатар-дэмакрат ад штату Джорджыя Рафаэль Уорнак, адзін зь некалькіх дэмакратаў, якія мяркуецца ў якасьці магчымай замены Байдэну, заявіў, што пытаньне замены не разглядаецца.

Лідэр дэмакратаў у Палаце прадстаўнікоў Гакім Джэфрыс, які можа стаць сьпікерам у наступным годзе, калі ягоная партыя зможа атрымаць большасьць у Палаце ў лістападзе, прызнаў, што Байдэн няўдала выступіў на дэбатах.

«Я лічу, што няўдача — гэта калі складаюцца ўсе ўмовы для рэваншу, — сказаў ён у інтэрвію MSNBC. — Так што момант, у якім мы цяпер знаходзімся, — гэта момант, калі яму трэба будзе адыграцца, і ён запатрабуе ад усіх нас падтрымкі, фармуляваньня пазытыўнага пасланьня аб тым, чаму плятформа дэмакратаў лепш за ўсё падыходзіць для вырашэньня праблем, якія стаяць перад амэрыканскім народам».

Іншы дэмакрат з Палаты прадстаўнікоў, Джэймс Клайбэрн, пагадзіўся з Джэфрысам.

«Ён мусіць застацца ў гэтай гонцы. Ён павінен прадэманстраваць сваю здольнасьць кіраваць краінай», — сказаў Клайбэрн у інтэрвію CNN.

Праведзенае па завяршэньні дэбатаў апытаньне CBS паказала, што колькасьць дэмакратаў, якія лічаць, што Байдэн не павінен балятавацца ў прэзыдэнты, павялічылася на 10 пунктаў — з 36% у лютым да 46%.

«Думка аб тым, што Байдэну не пашанцавала ў гэты вечар, не адпавядае рэчаіснасьці. У яго няўдалае прэзыдэнцтва, у яго былі катастрафічныя дэбаты», — сказаў у інтэрвію CNN сэнатар-рэспубліканец ад Паўднёвай Караліны Ліндсі Грэм.

Джо Байдэн заявіў, што з моманту дэбатаў было сабрана яшчэ 27 мільёнаў даляраў, што стала самай вялікай колькасьцю з моманту пачатку перадвыбарнай кампаніі.

Байдэн прызнаў, што выступіў «не найлепшым чынам» на дэбатах, але адзначыў, што «выбарнікі адрэагавалі інакш, чым экспэрты».

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG