Урад Літвы падтрымаў распрацаваныя Міністэрствам абароны прапановы аб зьменах у закон аб дзяржаўнай і службовай тайне.
Як паведаміла выданьне BNS, зьмены прадугледжваюць забарону чыноўнікам, якія маюць доступ да сакрэтнай інфармацыі, наведваць Беларусь, Расею і Кітай, якія Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі Літвы ў пачатку году вызначыў як пагрозы для нацыянальнай бясьпекі.
«Праект закону накіраваны на абарону супрацоўнікаў дзяржаўных устаноў, якія атрымалі дазвол на працу з сакрэтнай інфармацыяй [...], ад варожай дзейнасьці іншаземных спэцслужбаў супраць іх», — працытавала выданьне свайго суразмоўніка зь Міністэрства абароны Літвы.
У вайсковым ведамстве падкрэсьлілі, што такую ініцыятыву падрыхтавалі пасьля папярэджаньня літоўскай выведкі аб спробах завэрбаваць літоўцаў, якія могуць мець доступ да сакрэтнай інфармацыі.
Забарона на паездкі ў Беларусь, Расею і Кітай можа закрануць каля 56 тысяч чалавек.
Сёлета ў студзені ўрад Літвы сваёй пастановай забараніў такія паездкі літоўскім чыноўнікам.
Форум