На брыфінгу перад вылетам палітык заявіў, што «найбольш важнымі элемэнтамі візыту зьяўляюцца бясьпека і эканамічныя пытаньні, уключаючы гандаль», аднак таксама «будзе вельмі важны палітычны складнік».
«Мы маем вайну ва Ўкраіне, а таксама гібрыдную атаку Беларусі на польскую мяжу, у рамках якой беларускія ўлады апошнія тры гады пастаянна падштурхоўваюць мігрантаў да нас, прымушаючы іх спрабаваць нелегальна перасекчы мяжу», — цытуе Дуду яго прэс-служба.
Паводле яго слоў, гэта праблема зьвязаная ў тым ліку з эканомікай, паколькі закранае рэалізацыю кітайскай ініцыятывы «Адзін пояс — адзін шлях». Прэзыдэнт Польшчы патлумачыў, што празь міграцыйны крызіс зазнае абмежаваньні адзін з чыгуначных маршрутаў дастаўкі кітайскіх тавараў у Эўропу — той, які праходзіць празь Беларусь.
«Стасункі Кітаю зь Беларусьсю традыцыйна дружалюбныя. Я хачу прадставіць гэтую сытуацыю старшыні КНР Сі Цзіньпіну. І распавесьці, з чым мы сутыкаемся», — заявіў Дуда.
«Гэты візыт вельмі важны для нашай бясьпекі ў Эўропе. Мы ведаем, што Кітай — звышдзяржава, мы ведаем, што ў яго сяброўскія стасункі ня толькі зь Беларусьсю, але і з Расеяй, а Расея сёньня зьяўляецца агрэсарам ва Ўкраіне. І гэта тое, што я хачу абмеркаваць са старшынём Сі Цзіньпінам. Ні для каго не сакрэт, што ўплыў Кітаю, у тым ліку і на Расею, безумоўна, вялікі. Прадставіць наш пункт гледжаньня на гэтае пытаньне старшыні Сі Цзіньпіну, на мой погляд, вельмі важна», — дадаў палітык.
Перамовы Дуды і Сі Цзіньпіна заплянаваныя на 24 чэрвеня. У той жа дзень польскі госьць сустрэнецца з прэм’ер-міністрам КНР Лі Цянам ды іншымі ўрадоўцамі.
Ад пачатку году суседнія краіны Эўразьвязу спынілі 22,1 тыс. спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы мігрантамі з боку Беларусі, у тым ліку Польшча — 19,3 тыс.
Міграцыйны крызіс, які цягнецца з вясны 2021 году, Варшава, Рыга і Вільня называюць «гібрыднай атакай», арганізаванай рэжымамі Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна.
6 чэрвеня стала вядома пра сьмерць польскага вайскоўца 1-й танкавай брыгады Матэвуша Сітака, параненага нажом 28 траўня на мяжы зь Беларусьсю. Паводле інфармацыі Памежнай аховы Польшчы, вайсковец зазнаў напад мігранта, які ў складзе вялікай групы спрабаваў незаконна перасекчы мяжу з боку Беларусі.
13 чэрвеня на польска-беларускай мяжы пачала дзейнічаць буфэрная зона. Паводле інфармацыі МУС Польшчы, дзякуючы ёй колькасьць спробаў парушэньня мяжы скарацілася прыкладна на траціну.
Беларускія памежнікі неаднаразова абвінавачвалі эўрапейскіх калег у жорсткім абыходжаньні зь мігрантамі.
Форум