Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманаму ў Армэніі беларусу далі палітычны прытулак

Плошча Рэспублікі ў Ерэване.
Плошча Рэспублікі ў Ерэване.

Беларус Максім Вайткявічус, затрыманы ў Армэніі на запыт уладаў Беларусі, вызвалены і атрымаў палітычны прытулак, паведамляе reform. news са спасылкай на армянскі інфармацыйны сайт factor. am.

Максіма Вайткявічуса вызвалілі 19 чэрвеня.

Вайткявічуса затрымалі ў лютым сёлета пры перасячэньні мяжы з Армэніяй на падставе таго, што Беларусь аб’явіла яго ў вышук па справе аб ухіленьні ад службы. Спачатку яго затрымалі на 40 дзён, пасьля тэрмін быў працягнуты. У сакавіку ён падаў прашэньне аб прытулку. Абарона зьвяртала ўвагу, што ў Беларусі ён адбыў 15 сутак арышту, яго перасьледавалі за палітычныя погляды ў 2020 годзе.

Раней яшчэ адзін беларус, Яраслаў Новікаў, атрымаў прытулак у Армэніі. Яго таксама затрымалі на запыт беларускіх уладаў.

20 чэрвеня Святлана Ціханоўская сустрэлася з кіраўніком МЗС Армэніі Араратам Мірзаянам. Сярод іншага, удзельнікі сустрэчы абмеркавалі становішча беларусаў у Армэніі, у тым ліку нявыдачу беларускіх грамадзян на патрабаваньне рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

12 чэрвеня прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян на сустрэчы з дэпутатамі парлямэнту заявіў, што краіна выйдзе з АДКБ.

На той жа сустрэчы Пашыньян адзначыў, што ніякія афіцыйныя асобы Армэніі ня будуць наведваць Беларусь, пакуль Аляксандар Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе.

«Адзін з чальцоў АДКБ заяўляе, што ўдзельнічаў у падрыхтоўцы 44-дзённай вайны (у Карабаху), заахвочваў, верыў і жадаў перамогі Азэрбайджана. І пасьля гэтага я павінен абмяркоўваць з кіраўніком Беларусі нейкія пытаньні ў фармаце АДКБ?» — сказаў Пашыньян у парлямэнце.

Гэтыя выказваньні Нікола Пашыньяна выклікалі дыпляматычны крызіс між Беларусьсю і Армэніяй — абодва бакі адклікалі сваіх дыпляматаў для кансультацый.

14 чэрвеня афіцыйны Ерэван выказаў Беларусі пратэст праз «умяшаньне ва ўнутраныя справы» Армэніі.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG