Паўднёвая Карэя разгледзіць пытаньне аб пастаўках зброі Ўкраіне пасьля заключэньня дамовы аб супрацы і абароне паміж Расеяй і Паўночнай Карэяй. Пра гэта на прэс-канфэрэнцыі заявіў дарадца ў нацыянальнай бясьпецы краіны Чан Хо Чжын, перадае агенцтва Yonhap.
«Урад выказвае сур’ёзную заклапочанасьць і асуджае падпісаньне пагадненьня», — заявіў Чан. Ён дадаў, што любое супрацоўніцтва, якое наўпрост або ўскосна спрыяе вайсковаму ўзмацненьню Паўночнай Карэі, парушае рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН.
Паўднёвая Карэя — адзін з найбуйнейшых у сьвеце пастаўнікоў узбраеньняў. Аднак ва Ўкраіну Сэул зброю не пастаўляе. Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін нядаўна заяўляў, што паважае гэта ў адносінах дзьвюх краін.
Пры гэтым шэраг СМІ паведамлялі, што паўднёвакарэйскія набоі маглі пастаўляцца ў ЗША, каб Вашынгтон, у сваю чаргу, мог адпраўляць іх Украіне паводле сваіх абавязаньняў.
Неназваны суразмоўца агенцтва ў сядзібе прэзыдэнта Паўднёвай Карэі ня стаў пацьвярджаць агенцтву перагляд пытаньня аб пастаўках, але ня стаў і зьняпраўджваць гэта. Паводле яго слоў, Сэул пакуль ня будзе адкрыта камэнтаваць сытуацыю.
Пагадненьне аб супрацы было падпісана кіраўнікамі Расеі і Паўночнай Карэі Ўладзімірам Пуціным і Кім Чэн Ынам. Адзін з пунктаў пагадненьня гарантуе бакам узаемную ваенную дапамогу ў выпадку ўварваньня трэцяй краіны.
Паўднёвая і Паўночная Карэя, якія былі адной краінай да 1948 году, з 1950-га афіцыйна знаходзяцца ў стане вайны. У 1953 годзе, пасьля актыўных баявых дзеяньняў, якія прывялі да гібелі сотняў тысяч чалавек, краіны падпісалі перамір’е, а вось паўнавартаснай мірнай дамовы з тых часоў так і не падпісалі.
Форум