«З 17 чэрвеня 2024 года „Паспалітае Рушэньне“ ўзначаліў Сяргей Бульба — беларускі палітычны дзеяч, чалавек зь вялікім арганізатарскім досьведам (напрыклад, стварэньне „Белага Легіёну“)», — паведамляецца ў тэлеграм-канале «Паспалітага рушэньня».
«Паспалітае рушэньне» ўзьнікла ў верасьні 2022 году як спартова-адукацыйная арганізацыя ў замежжы. Адной зь яе мэтаў было адраджэньне беларускіх вайсковых традыцыяў.
Тэлеканал «Белсат» прыводзіць словы Бульбы: «Нам трэба ня толькі мілітарная структура, а менавіта дзяржаватворчая структура. Я бяру за прыклад свой досьвед зь „Белым легіёнам“, дзе мы не імкнуліся вызнаваць нейкую ідэалёгію, напрыклад, сацыял-дэмакратыю ці нацыянал-дэмакратыю ці хрысьціянскую дэмакратыю. Мы разумелі, што мы гадуем захавальнікаў дзяржавы. Надпалітычных. Ня вельмі цікавае палітычнае, а менавіта цікавае дзяржаўніцтва».
Новы кіраўнік «Паспалітага рушэньня» адзначыў, што цяпер у Беларусі назіраецца спад. «Але ж мы разумеем, што адкрыюцца вокны магчымасьцяў пэўныя, і да гэтага моманту трэба быць гатовымі, але ня толькі зь мілітарнага ці спартовага гледзішча», — кажа Бульба.
У жніўні 2023 году Сяргей Бульба стаў кіраўніком Беларускага моладзевага хабу. Перадача паўнамоцтваў суправаджалася вострым канфліктам з папярэднім кіраўніцтвам хабу.
Форум