Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз ухваліў пачатак перамоваў аб уступленьні Ўкраіны і Малдовы

Прэзыдэнты Малдовы Мая Санду і Ўкраіны Ўладзімір Зяленскі
Прэзыдэнты Малдовы Мая Санду і Ўкраіны Ўладзімір Зяленскі

Пастаянныя прадстаўнікі дзяржаў-чальцоў Эўразьвязу ўвечары 14 чэрвеня прынцыпова ўхвалілі рамкі перамоваў аб уступленьні ў ЭЗ Украіны і Малдовы, паведамілі крыніцы Радыё Свабода і ўкраінскія СМІ са спасылкай на бэльгійскае старшынства ў Радзе Эўразьвязу.

Рашэньне амбасадараў ЭЗ азначае, што 25 чэрвеня, як і плянавалася, адбудзецца міжурадавая канфэрэнцыя, якая дасьць афіцыйны старт перамовам аб уступленьні Украіны і Малдовы ў ЭЗ, канстатуе «Українська правда».

Канец чэрвеня быў чаканай датай правядзеньня міжурадавай канфэрэнцыі — менавіта ў гэтым месяцы завяршаецца старшынства Бэльгіі ў Радзе ЭЗ.

Вугоршчына на ўзроўні сваіх пастаянных прадстаўнікоў у Брусэлі блякавала прыняцьце рашэньня. У выпадку, калі б яна не зьмяніла гэтую пазыцыю, адкрыцьцё перамоваў магло б зацягнуцца на другое паўгодзьдзе 2024 году, калі старшынстваваць у Радзе ЭЗ па ратацыі будзе Вугоршчына.

7 чэрвеня Эўрапейская камісія пацьвердзіла, што дала станоўчую вусную ацэнку прагрэсу эўраінтэграцыйных рэформаў Украіны і Малдовы, выкладзеных у лістападаўскай справаздачы аб пашырэньні ЭЗ.

Сам па сабе пачатак перамоваў не азначае хуткага прыёму Ўкраіны і Малдовы ў Эўразьвяз. Старшыня Эўрапейскай Рады Шарль Мішэль дапусьціў, што Ўкраіна можа стаць сябрам ЭЗ да 2030 году, «калі абодва бакі выканаюць хатнія заданьні».

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG