Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьня Аляксандра Ярашука выбралі ў Адміністрацыйную раду Міжнароднай арганізацыі працы

Аляксандар Ярашук. Архіўнае фота
Аляксандар Ярашук. Архіўнае фота

112-я Міжнародная канфэрэнцыя працы, якая праходзіць у Жэнэве (Швайцарыя), выбрала палітвязьня і лідэра Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Аляксандра Ярашука ў склад Адміністрацыйнай рады Міжнароднай арганізацыі працы (МАП).

Як паведамляе Salidarnast.info, дэлегаты Канфэрэнцыі прагаласавалі за кандыдатуру асуджнага на 4 гады зьняволеньня палітвязьня Аляксандра Ярашука на пасаду намесьніка сябра Адміністрацыйнай рады МАП ад працаўнікоў.

На паседжаньні камітэту стандартаў і нормаў МАП прозьвішча Ярашука, як і імёны іншых прафсаюзных лідэраў, неаднаразова гучала пры разглядзе «беларускага пытаньня», піша Salidarnast.info.

Некаторыя ўдзельнікі канфэрэнцыі падтрымалі Ярашука, надзеўшы майкі зь яго фота і слоганам «Вызваліць прафсаюзных актывістаў».

Рашэньне аб выбраньні Ярашука носіць ня толькі сымбалічны характар, паведамляе Salidarnast.info. Адным з патрабаваньняў Рэзалюцыі аб Беларусі, прынятай летась, зьяўляецца вызваленьне прафсаюзных лідэраў, у тым ліку старшыні БКДП.

Адміністрацыйная рада зьяўляецца выканаўчым органам МАП, які прымае апэратыўныя рашэньні для выкананьня рашэньняў Канфэрэнцыі, забясьпечвае кіраваньне і кантралюе дзейнасьць Міжнароднага бюро працы ў пэрыяд паміж сэсіямі Канфэрэнцыі.

  • Міжнародная канфэрэнцыя працы выбірае сяброўАдміністрацыйнай рады тэрмінам на 3 гады. Выбары праводзяцца паасобна па трох групах удзельнікаў тайным галасаваньнем, дзе групы ўраду, працадаўцаў і працаўнікоў выбіраюць сваіх адпаведных сяброў.
  • Аляксандар Ярашук нарадзіўся ў 1951 годзе. Лідэра БКДП арыштавалі ў красавіку 2022 году і асудзілі на 4 гады зьняволеньня паводле 342 і 361 артыкулаў Крымінальнага кодэксу за «арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак», і «заклікі да дзеяньняў, якія наносяць шкоду нацыянальным інтарэсам краіны». Сваёй віны Аляксандар Ярашук не прызнаў, праваабаронцы Беларусі лічаць яго палітвязьнем.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG