У Польшчы зафіксавалі амаль 400 спробаў незаконнай міграцыі за 2 дні

Польскія жаўнеры на мяжы. Ілюстрацыйнае фота
Польскія жаўнеры на мяжы. Ілюстрацыйнае фота

Усяго з пачатку году краіны Эўразьвязу папярэдзілі больш за 20 тысяч спробаў парушэньня мяжы з боку Беларусі, паведаміла выданьне «Позірк».

Польскія памежнікі зафіксавалі амаль 400 спробаў мігрантаў незаконна трапіць у краіну з тэрыторыі Беларусі 5 і 6 чэрвеня. Траіх грамадзян Румыніі і Украіны затрымалі за дапамогу.

«У бок польскіх патрулёў кідалі галіны, камяні і бітыя бутэлькі, стралялі з рагаткі», — паведамілі ў памежнай службе Польшчы.

З пачатку году краіны ЭЗ папярэдзілі больш за 20 тысяч спробаў парушэньня мяжы з боку Беларусі

За 6 чэрвеня суседнія краіны Эўрапейскага зьвязу перадухілілі 256 спроб нелегальнага перасячэньня мяжы мігрантамі з боку Беларусі (на дзень раней — 181), сьведчыць праведзены «Позіркам» аналіз дадзеных памежных ведамстваў.

Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы не зафіксавала такіх спроб (аналягічна), Дзяржаўная памежная ахова Латвіі спыніла 21 (16). Памежная ахова Польшчы за папярэднія два дні спыніла 400 выпадкаў парушэньня мяжы, у тым ліку 6 чэрвеня, паводле падлікаў «Позірку», — 235 (5 чэрвеня — 165).

За шэсьць чэрвеньскіх дзён гэтыя краіны ЭЗ зафіксавалі 1367 спроб незаконнага пранікненьня мігрантаў зь беларускай тэрыторыі — на 2,9% менш, чым за той жа пэрыяд траўня 2024 году (1409), але на 94% больш, чым за аналягічны пэрыяд чэрвеня 2023 году (706).

У краінавым разрэзе сытуацыя выглядае наступным чынам: Польшча — 1262 (-5,1%, 1330; рост у 2,5 раза, 513), Латвія — 96 (24,7%, 77; памяншэньне ў 1,5 раза, 144), Літва — 9 (рост у 4,5 раза, 2; памяншэньне ў 5,4 раза, 49).

З пачатку году гэтыя дзяржавы спынілі 20 180 такіх спроб (Польшча — 17 720, Латвія — 2234, Літва — 226). Гэта на 24,1% больш, чым за той жа пэрыяд 2023-га, калі іх было 16 255 (Польшча — 11 271, +57,2%; Латвія — 3777, −40,9%, Літва — 1207, −81,3 %).

​
XS
SM
MD
LG