Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У NATO ня бачаць «непазьбежнай пагрозы» для альянсу з боку Расеі

Енс Столтэнбэрг і Аляксандр Стуб.
Енс Столтэнбэрг і Аляксандр Стуб.

Цяпер NATO ня бачыць няўхільнай «непазьбежнай пагрозы» з боку Расеі, сказаў генэральны сакратар альянсу Енс Столтэнбэрг падчас прэс-канфэрэнцыі ў Хэльсынкі з прэзыдэнтам Фінляндыі Аляксандрам Стубам.

Як паведамляе «Голас Амэрыкі», генэральны сакратар Паўночнаатлантычнага альянсу Енс Столтэнбэрг заявіў:

«Мы ня бачым ніякай непазьбежнай пагрозы для каго-небудзь з членаў NATO. І цяпер, вядома, Расея больш занятая вайной ва Ўкраіне, яны перакінулі нямала сіл з тэрыторый, набліжаных да Фінляндыі і паўночнаэўрапейскіх краін, ва Ўкраіну».

Ён дадаў, што пазьней, «калі баявыя дзеяньні ва Ўкраіне кончацца, яны змогуць аднавіць гэтыя сілы», але нават у гэтым выпадку «гэта не азначае небясьпекі няўхільнага нападу супраць любога саюзьніка NATO».

«NATO — гэта 50% усёй вайсковай сілы сьвету, NATO — гэта самы магутны вайсковы альянс у сьвеце, і мэта таго, каб стаяць „адзін за ўсіх і ўсе за аднаго“, наш артыкул аб калектыўнай абароне па артыкуле 5, гэта перадухіляць напад», — заўважыў Столтэнбэрг.

Аляксандар Стуб пагадзіўся з тэзісамі Столтэнбэрга, а таксама дадаў:

«Ці азначае гэта, што мы не рыхтуемся? Вядома, не. Найлепшы спосаб перадухіліць вайну — гэта падрыхтавацца да яе. Але саму ідэю, што такая краіна, як Расея, неяк нападзе ці будзе запалохваць найбуйнейшы вайсковы альянс у сьвеце, я лічу дастаткова непраўдападобнай».

Ён дадаў, што саюзьнікі разглядаюць розныя варыянты і сцэнары, але ня бачаць непазьбежнай пагрозы з боку Масквы для Паўночнай Эўропы ці Балтыі.

На днях ачольнік інарвэскай арміі Эрык Крыстаферсен заявіў у інтэрвію Bloomberg, што NATO мае ўсяго два-тры гады, каб падрыхтавацца да магчымай канфрантацыі з Расеяй з-за таго, што Крэмль нарошчвае сваю ваенную моц.

Раней выданьне Telegraph паведамляла, што NATO распрацоўвае шматлікія «наземныя калідоры», каб у выпадку вайны Расеі на тэрыторыі ўсходнеэўрапейскіх краін альянсу скідаць амэрыканскія войскі і зброю на лінію фронту.

У той жа час, напярэдадні нямецкі ўрад зацьвердзіў новыя рамачныя рэкамэндацыі па агульнай абароне, якія замяняюць папярэднія рэкамэндацыі ад 1989 году.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG