Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Лёзьненскім раёне адкрылі мэмарыял «Яўрэйскія могілкі мястэчка Колышкі»


31 траўня ў Лёзьненскім раёне Віцебскай вобласьці прайшло адкрыцьцё Мэмарыялу на месцы раней закінутых яўрэйскіх могілак.

У паведамленьні яўрэйскага культурнага цэнтру «Мішпоха» гаворыцца, што рэканструкцыя пачалася чатыры гады таму.
Над праектам мэмарыялу працавала Віцебская гарадзкая яўрэйская грамада і яўрэйскі культурны цэнтар «Мішпоха» ў супрацоўніцтве зь Беларускім саюзам яўрэйскіх грамадзкіх арганізацый і грамад і кіраўніцтвам Лёзьненскага раёну. Бралі ўдзел і нашчадкі жыхароў Колышак.

«Паднята, адрэстаўравана і пастаўлена на ранейшыя месцы 400 мацеў. Зроблены пераклады эпітафій. Яны на спэцыяльных таблічках, устаноўленых каля кожнага шэрагу. Калі нехта з нашчадкаў захоча знайсьці месца пахаваньня сваіх продкаў, ён здолее зрабіць гэта», — гаворыцца ў паведамленьні.

У часе Другой сусьветнай вайны ў Колышках было гета. У сакавіку 1942 года фашысты расстралялі мясцовых яўрэяў. Іх сабралі на плошчы мястэчка і пагналі ў Лёзна. Хтосьці спрабаваў уцячы і быў забіты, зьнясіленых людзей забівалі ахоўнікі.

Памятны знак, у выглядзе стылізаванага дрэва з абрэзанымі галінамі, устаноўлены ў памяць аб усіх яўрэях, якія жылі ў гэтым мястэчку, і ахвяраў Галакосту.

Сёньня да памятнага знаку ўсклалі кветкі і каменьчыкі паводле яўрэйскага звычаю. Адбылася і памінальная малітва.

На адкрыцьці мэмарыялу прысутнічалі сябры віцебскай гарадзкой яўрэйскай абшчыны, кіраўніцтва Беларускага саюзу яўрэйскіх грамадзкіх арганізацый і грамад, чыноўнікі з кіраўніцтва Лёзьненскага раёну, прадстаўнікі дыпляматычнага корпусу, акрэдытаваныя ў Рэспубліцы Беларусь, і мясцовыя жыхары.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG