Намесьнік міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Чэслаў Мрочэк паведаміў аб нажавым раненьні польскага памежніка ў часе затрыманьня незаконных мігрантаў на мяжы зь Беларусьсю. Вайскоўца шпіталізавалі — раненьне было сур’ёзным, аднак пагрозы жыцьцю няма.
«Сёньня раніцай атрымаў вельмі нядобрую інфармацыю пра тое, што аднаго з жаўнераў, які спрабаваў затрымаць тых, хто пераходзіў мяжу, паранілі нажом», — сказаў Чэслаў Мрочэк у этэры Першага каналу Польскага радыё.
Паводле намесьніка міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы, мігранцкі ціск на мяжы павялічваецца.
«Нарошчваецца мігранцкі ціск, павялічваецца агрэсія гэтых асобаў. Спрабуюць штурмаваць мяжу ў вялікіх групах, якія фармуюцца пры падтрымцы беларускіх службаў», — дадаў Чэслаў Мрочэк.
Пазьней Памежная ахова Польшчы паведаміла яшчэ аб двух параненых сваіх вайскоўцах:
«Аднаго зь іх ударылі разьбітай бутэлькай, другі атрымаў раненьні ў выніку нападу з выкарыстаньнем інструмэнту, да якога быў прымацаваны нож».
Травень стаў рэкордным месяцам з пачатку мігранцкага крызісу ў актыўнасьці мігрантаў, якія імкнуцца незаконна перасекчы мяжу Эўразьвязу з боку Беларусі.
Згодна з статыстычнымі зьвесткамі памежных ведамстваў дзяржаваў ЭЗ, за 26 травеньскіх дзён Польшча і суседнія краіны Балтыі перадухілілі 6647 спробаў парушэньня мяжы зь беларускай тэрыторыі — на 22% больш, чым за аналягічны пэрыяд мінулага месяца (5446), і на 61% больш, чым за той жа пэрыяд траўня 2023 году (4140).
Форум