Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве ў другім туры прэзыдэнцкіх выбараў перамог дзейны прэзыдэнт Гітанас Наўседа


Кандыдаты ў другім туры: прэм’ер-міністарка Інгрыда Шыманіце і прэзыдэнт краіны Гітанас Наўседа
Кандыдаты ў другім туры: прэм’ер-міністарка Інгрыда Шыманіце і прэзыдэнт краіны Гітанас Наўседа

У Літве ў другім туры прэзыдэнцкіх выбараў перамог дзейны прэзыдэнт Гітанас Наўседа, які набраў 74,43% галасоў. Яго суперніца, прэм'ер-міністрка Інгрыда Шыманіце, атрымала 24,06% галасоў, вынікае з дадзеных галоўнай выбарчай камісіі Літвы. Яўка на галасаваньні склала 49,6 працэнта.

60-гадовы Гітанас Наўседа ўзначальвае краіну зь ліпеня 2019 года. Гэты тэрмін стане для яго другім і апошнім. Згодна з Канстытуцыяй Літвы, прэзыдэнт ня можа быць выбраны больш за два разы запар.

Наўседа падзякаваў літоўскаму народу за аказаны яму «вялікі мандат даверу».

«Я выдатна разумею, што гэты крэдыт даверу мне давядзецца шанаваць», — заявіў ён, выступаючы перад журналістамі.

Наўседа таксама зазначыў, што «сурʼёзна думае аб далейшым правядзеньні ў жыцьцё дзяржавы дабрабыту». На мінулых прэзыдэнцкіх выбарах у 2019 годзе ён выбраў стварэньне «дзяржавы дабрабыту» асноўным кірункам сваёй палітыкі.

Таксама абраны прэзыдэнт паабяцаў прадоўжыць цяперашні замежнапалітычны курс Літвы і выказаў спадзяваньне, што краіна атрымае яшчэ больш карысьці ад супрацоўніцтва з Эўразьвязам і NATO.

Інгрыда Шыманіце павіншавала Гітанаса Наўседу зь перамогай.

Яны ўжо выходзілі ў другі тур галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах 2019 году. Тады Наўседа набраў у першым туры каля 31%, а Шыманіце — 31,15%. У другім туры Наўседа перамог са значнай перавагай, набраўшы каля 66% галасоў.

Абое кандыдатаў выступаюць за ўсебаковую падтрымку Ўкраіны ў вайне з Расеяй і ўмацаваньне NATO.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG