Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін і Лукашэнка зрабілі заявы пра ядзерныя вучэньні і легітымнасьць прэзыдэнта Ўкраіны


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін у Менску, 24 траўня 2024 году.
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін у Менску, 24 траўня 2024 году.

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін учора і сёньня вялі перамовы ў Менску.

На прэсавай канфэрэнцыі яны расказалі пра некаторыя вынікі перамоваў.

Пуцін:

«З улікам напружанай абстаноўкі на зьнешніх межах саюзнай дзяржавы падчас перамоваў падрабязна абмеркавалі пытаньні фармаваньня адзінай абароннай прасторы. На беларускай тэрыторыі разгорнутая сумесная рэгіянальная групоўка войскаў, расейскія сучасныя абаронныя комплексы і тактычная ядзерная зброя. Усё гэта надзейна абараняе заходнія межы нашых краін і Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы».

«Расея праводзіла вучэньні ядзерных сілаў рэгулярна, цяпер яны праводзяцца зь беларускімі саюзьнікамі».

«Расея цалкам выконвае свае абавязаньні ў сфэры ядзерных узбраеньняў, нічога не парушае. У ядзерных вучэньнях РФ і Беларусі няма нічога незвычайнага, у NATO праходзяць такія ж вучэньні».

Лукашэнка:

«Мы нічога асаблівага ня робім. Мы рыхтуемся, мы трэніруемся, мы павінны быць гатовыя. Сьвет нестабільны, небясьпечны. Нам нельга прапусьціць удар, як гэта было ў сярэдзіне мінулага стагодзьдзя. Мы не дапусьцім гэтага. Яны павінны пра гэта ведаць».

Абодва выказаліся і наконт легітымнасьці прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага.

Пуцін:

«Легітымнасьць Зяленскага скончылася, пытаньне, з кім весьці перамовы ва Ўкраіне, — не пустое».

«Расея — за перамовы па Ўкраіне, яна нікому не забараняла іх весьці, у адрозьненьне ад Захаду, які ставіў мэту перамогі над РФ».

«Вяртацца да перамоваў па Ўкраіне можна толькі зыходзячы зь сёньняшніх рэалій у зоне спэцапэрацыі».

Лукашэнка, адказваючы на пытаньне пра легітымнасьць Зяленскага ў якасьці кіраўніка дзяржавы, сказаў:

«Юрыдычнай чысьціні тут няма і быць ня можа».

На прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнка таксама ўсклаў на ЗША ўскосную віну за гібель прэзыдэнта Ірану Ібрагіма Раісі:

«Агідная палітыка ЗША прывяла да гэтага. Перш за ўсё — санкцыі. Гэтыя нягоднікі ня мелі права ўводзіць санкцыі супраць паветраных суднаў, якія перавозяць людзей. У гэтым іх віна ў тым ліку. Яны забаранялі абслугоўваць гэты верталёт. Гэта дакладна».

Раней сёньня ў Менску прайшлі перамовы паміж Аляксандрам Лукашэнкам і прэзыдэнтам РФ Уладзімірам Пуціным.

Перамовы сам-насам доўжыліся гадзіну і 45 хвілінаў, пасьля іх адбыліся перамовы дэлегацыяў у пашыраным складзе.

БЕЛТА дае некалькі заяваў, зробленых падчас перамоваў Лукашэнкам:

«Нягледзячы ні на што, Менск і Масква захоўваюць курс на ўзмацненьне інтэграцыі. Мы падтрымліваем адзін аднаго і будзем падтрымліваць па ўсіх напрамках. Прычым нашы праекты выйшлі ўжо за межы зямной паверхні».

«Неабходна канчаткова ўзгадніць умовы паставак нафты і газу ў Рэспубліку Беларусь. Мы абмяркоўваем гэта ня першы год, і сёньня Ўладзімір Уладзіміравіч прыняў адпаведнае рашэньне. Думаю, урады ў бліжэйшыя дні ў гэтым рэчышчы дапрацуюць гэтыя пагадненьні. Мы дэталёва разабралі ўсе нюансы».

Лукашэнка адзначыў, што многія канвэеры на прадпрыемствах Беларусі і Расеі працуюць на кампанэнтах адзін аднаго.

«На заканадаўчым узроўні не павінна быць ніякіх ахоўных мер ад сваіх партнэраў. Абараняцца, як мы дамовіліся, трэба ад тых, хто ўвёў супраць нас санкцыі. І ад тых, хто не садзейнічае разьвіцьцю эканомік дзьвюх дзяржаў», — сказаў ён.

ТАСС прыводзіць словы Пуціна, сказаныя падчас перамоваў:

«Захад праяўляе варожасьць у дачыненьні да РФ і Беларусі, але стрымаць разьвіцьцё дзьвюх краін не атрымаецца».

РИА Новости паведамляе яшчэ некалькі тэзаў з выступу Пуціна:

  • Пытаньні бясьпекі заўсёды знаходзяцца ў полі ўвагі Масквы і Менску.
  • Расея і Беларусь будуць умацоўваць узаемадзеяньне ў сфэры абароннай бясьпекі.
  • Санкцыі ствараюць пэўныя праблемы для Расеі, яны адчувальныя, але ёсьць і магчымасьці для разьвіцьця.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін прыбыў з двухдзённым візытам у Менск 23 траўня вечарам. Гэта яго другі замежны візыт пасьля інаўгурацыі на пачатку траўня. Першы Пуцін зрабіў у Кітай.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG