Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турарбекава мусіць выключыць двух мужчын са свайго сьпісу кандыдатаў на выбары ў КР, каб адпавядаць гендарным квотам


Роза Турарбекава
Роза Турарбекава

У адваротным выпадку яе сьпіс аб’яднаньня «Наша справа» могуць выключыць з выбараў у Каардынацыйную раду.

На сёньняшнім паседжаньні выбарчай камісіі, якая арганізуе выбары ў Каардынацыйную раду, абмяркоўвалася праблема, якая нечакана паставіла пад пагрозу існаваньне цэлага выбарчага сьпісу, напісала Каардынацыйная рада на сваім тэлеграм-канале.

Казус узьнік са сьпісам Аб’яднаньня «Наша справа» на чале з палітолягам Розай Турарбекавай, які складаецца з 14 чалавек. У апошні момант яго вырашыла пакінуць дзьве жанчыны.

Аднак пасьля таго сьпіс перастаў адпавядаць патрабаваньням аб гендарных квотах, паводле якіх ня менш за 40% кожнага сьпісу павінны складаць жанчыны.

У выніку перад сябрамі Выбарчай камісіі ўзьнікла дылема, што рабіць з гэтым сьпісам, інфармуе Наша ніва. Разглядаліся тры варыянты:

  1. Сьпіс здымаецца з выбараў, бо не выконвае фармальнага патрабаваньня ў гендарнай квоце;
  2. Сьпіс застаецца ў цяперашнім выглядзе, а на парушэньне гендарнай квоты камісія заплюшчвае вочы;
  3. Сьпіс застаецца, але толькі пры ўмове, што да раніцы наступнага дня зь яго выключаць любых двух мужчын на выбар саміх удзельнікаў сьпісу, пасьля чаго гендэрная квота будзе выкананая.

У выніку было прынята рашэньне, што Роза Турарбекава мусіць да 9-й гадзіны раніцы прадставіць інфармацыю, якія двое мужчын будуць выключаныя са сьпісу. У адваротным выпадку сьпіс будзе з выбараў зьняты.

На гэты момант у сьпіс Абʼяднаньня «Наша справа» ўваходзяць восем мужчын: Віталь Рымашэўскі, Андрэй Лаўрухін, Аляксандар Паршанкоў, Павал Церашковіч, Уладзімір Далецкі, Канстанцін Акінчыц, Андрэй Жукавец (Лебядзінскі) і Віктар Скаскевіч.

Пасьля прыняцьця рашэньня ў гэтым пытаньні выбарчая камісія перайшла да абмеркаваньня нашумелага кейса з рассылкай Аляксандрам Азаравым паведамленьня праз чат-бот пляну «Перамога».

У выніку супольным рашэньнем Азараву запрапанавалі зьняць сваю кандыдатуру і агучыць сваё рашэньне а 9 раніцы 24 траўня.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG