Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля ўцёкаў судзьдзі Шмыта ў Беларусь зьнікла і ягоная партнэрка. У Польшчы расказалі, адкуль яна


Польскі судзьдзя Томаш Шмыт. Архіўнае фота
Польскі судзьдзя Томаш Шмыт. Архіўнае фота

Польскае выданьне Gazeta Wyborcza піша пра партнэрку судзьдзі Томаша Шмыта, зь якой ён жыў да ўцёкаў у Беларусь. Wyborcza высьветліла, што яна паходзіць з украінскай вёскі ў Валынскай вобласьці, якая мяжуе з Польшчай і Беларусьсю.

Польскага судзьдзю Томаша Шмыта Нацыянальная пракуратура Польшчы перасьледуе праз абвінавачаньне ў шпіянажы на карысьць Беларусі. Некалькі дзён таму Польшча выдала афіцыйны ордэр на ягоны арышт. На пачатку траўня на прэс-канфэрэнцыі ў Менску Шмыт папрасіў палітычнага прытулку ў Беларусі і пачаў крытыкаваць польскія ўлады. У асноўным за ўсходнюю палітыку.

Апошні адрас пражываньня Томаша Шмыта — у Варшаве. Але, як высьветлілі журналісты, ён быў прапісаны ў мястэчку Груец пад Варшавай — кватэра належала Алене К., партнэрцы судзьдзі. Як піша Wyborcza, кватэру ў невялікім жылым масіве на ўскраіне Груйца Алена набыла ў 2015 годзе ў забудоўніка, узяўшы на гэта ў банку гіпатэчны крэдыт.

Wyborcza высьветліла, што Алена — ўкраінка, паходзіць зь вёскі ў Валынскай вобласьці, якая мяжуе з Польшчай і Беларусьсю. Ёй 44 гады, яна двойчы была замужам, мае двух дачок. Адной зь іх на сёньня больш за 20 гадоў, другая яшчэ непаўналетняя.

Алена жыла ў Польшчы разам з дочкамі, іхныя першыя фатаздымкі з Польшчы адносяцца да 2016 году. Журналісты мяркуюць, што другі муж Алены — паляк.

Суседзі Алены адзначаюць, што асаблівай камунікабэльнасьцю тая не вызначалася. Пра яе практычна нічога ня ведаў нават той, хто лічыў сябе яе блізкім сябрам.

«Алена не расказвала ні пра сябе, ні пра сваю працу. Пра любыя пытаньні наконт гэтага яна маўчала», — пачулі пра партнэрку Шмыта журналісты.

«Некалькі разоў бачыў яе ў вайсковай вопратцы», — узгадаў іншы сусед. Куды Алена ішла ў такім адзеньні, ніхто ня ведае.

Вядома, што ў сьнежні 2021 году Алена К. зарэгістравала фірму і адкрыла салён прыгажосьці на вуліцы Інфлянцкай у Варшаве. Адкрыцьцё адбылося ў красавіку 2022 году. Ужо празь некалькі месяцаў, у кастрычніку 2022 году, Алена вырашыла прадаць салён.

Алена мае профіль «УКантакце», але безь сяброў і безь ніякага кантэнту. У аб'яве аб продажы салёну яна пісала, што мае профіль у Instagram, за якім сочаць 2700 чалавек, але сёньня ад яе профілю у Instagram не засталося і сьледу. Ні ў адным з профіляў Алены К. у сацсетках няма ніводнага яе фота. У сацсетках ёсьць профілі яе дачок. На іх шмат фатаздымкаў, але бяз маці. Журналісты заўважылі, што ў апошнія дні Алена ўвайшла ў адзін са сваіх асабістых профіляў у сацсетках і выдаліла сваіх падпісантаў.

Польскія мабільныя нумары Алены маўчаць. На афіцыйны электронны ліст, далучаны да запісу ў прадпрымальніцкім рэестры, яна не адказала.

У Польшчы Алена фігуруе толькі ў афіцыйных дакумэнтах.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG