Лінкі ўнівэрсальнага доступу

23-гадовага беларуса выдварылі з Польшчы. Расказваем, за што


Фота Памежнай службы Польшчы
Фота Памежнай службы Польшчы

Грамадзяніна Беларусі затрымалі пры перавозцы мігрантаў на нямецка-польскай мяжы. За дапамогу ў нелегальнай міграцыі на яго завялі справу і выдварылі з краіны, паведаміла 21 траўня Памежная служба Польшчы.

19 траўня сумесны польска-нямецкі патруль памежнікаў спыніў на польска-нямецкай мяжы зарэгістраваны ў Польшчы Opel, кіраваў якім 23-гадовы беларус. Як высьветлілася, ён перавозіў нелегальных мігрантаў з Афганістану.

Памежнікі ўбачылі, як зь ягонага аўтамабіля выбеглі некалькі мужчын і пабеглі ў бок Нямеччыны. Ім удалося затрымаць аднаго афганца на польскім баку мяжы і яшчэ пяцёх афганцаў — ужо на тэрыторыі Нямеччыны.

У затрыманага ў Польшчы грамадзяніна Афганістану не было дакумэнтаў, якія пацьвярджалі б законнасьць яго знаходжаньня ў Польшчы, адзначае польскае ведамства.

Беларуса затрымалі за садзейнічаньне ў незаконным перасячэньні мяжы зь Беларусі ў Польшчу сама меней шасьці замежнікам. Ён прызнаў сваю віну і «скарыстаўся правам добраахвотна пайсьці на пакараньне ў выглядзе 10 месяцаў пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на два гады выпрабавальнага тэрміну», паведамляе польская памежная служба.

Акрамя гэтага, у дачыненьні да беларуса завялі крымінальную справу, у выніку чаго ён мусіў пакінуць тэрыторыю Польшчы ў прымусовым парадку. Яго даставілі да мяжы і перадалі беларускім памежнікам.

  • Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краінаў Эўразьвязу працягваецца зь вясны 2021 году.
  • З пачатку 2024 году памежныя службы суседніх зь Беларусьсю краінаў ЭЗ папярэдзілі 16 130 спробаў нелегальнага пераходу мяжы з боку Беларусі, найбольш Польшча — 14 009 (Латвія — 1915, Літва — 206), сьведчыць праведзены «Позіркам» аналіз зьвестак памежных службаў.
  • Агулам з пачатку 2024 году лічбы растуць: у студзені было зафіксавана толькі 96 спробаў незаконнага пранікненьня ў ЭЗ зь Беларусі, у лютым — 458, у сакавіку — 4238, у красавіку — 6327, большасьць спробаў зафіксавалі ў Польшчы.
  • Толькі з пачатку траўня (паводле зьвестак на 21 траўня) з 5011 спыненых спробаў пранікненьня ў Эўразьвяз зь Беларусі 93,2% (4668) прыпалі на долю польскіх праваахоўнікаў, 6,4% (320) — латвійскіх, 0,5% (23) — літоўскіх.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG