Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва ўрадзе Польшчы расказалі аб плянах удасканаліць загароду на мяжы зь Беларусьсю


Польскі памежнік на мяжы зь Беларусьсю, архіўнае фота
Польскі памежнік на мяжы зь Беларусьсю, архіўнае фота

Афіцыйная Варшава абвінавачвае ўлады ў Менску і Маскве ў правакаваньні мігранцкага крызісу.

Мадэрнізацыя загароды на польска-беларускай мяжы заплянаваная на 2024–2025 гады, пацьвердзілі ўкраінскай службе Радыё Свабода ў прэс-службе Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы. Цяпер ідуць падрыхтоўчыя работы перад пачаткам тэрміновай мадэрнізацыі ахоўнага бар’ера.

  • На першым этапе ўсталююць дадатковую лінію камэраў для вонкавага назіраньня і дадатковае асьвятленьне тэхнічнай дарогі.
  • На наступным этапе работ плянуецца рэалізаваць элемэнты ў выглядзе назіральных вышак і мадэрнізаваць тэхнічную дарогу.
  • Акрамя таго, электронную загароду паставяць у месцах, дзе з тэхнічных прычынаў не ўдалося пабудаваць фізычную — уздоўж ракі Буг, а таксама рэк Сьвіслач і Істачанкі (агульнай працягласьцю 219 кілямэтраў).

У Варшаве спадзяюцца, што мадэрнізацыя загароды дасьць магчымасьць больш эфэктыўна ахоўваць дзяржаўную мяжу.

Цяпер сухаземны ўчастак мяжы Польшчы зь Беларусьсю абаронены фізычнай (186 км) і электроннай (206 км) загародай. Гэта зьніжае пагрозу нелегальнай міграцыі, адзначаюць у Польшчы. Аднак у сувязі зь неаднаразовымі фактамі незаконнага перасячэньня мяжы ўлады краіны вырашылі мадэрнізаваць ахову мяжы на гэтай тэрыторыі.

Пасьля амаль двухгадовага функцыянаваньня існай сыстэмы аховы дзяржаўнай мяжы памежная служба выявіла шэраг нэгатыўных чыньнікаў. Таму іх паспрабуюць мінімізаваць і прадухіліць, сказалі ў МУС Польшчы.

У сакавіку Варшава заявіла пра ўзмацненьне прысутнасьці войскаў на ўсходзе краіны ў раёнах, памежных зь Беларусьсю і Расеяй, а таксама зь Літвой і Ўкраінай.

Кожны тыдзень адбываюцца спробы незаконнага перасячэньня мяжы з Эўразьвязам зь беларускага боку. Польская памежная варта адзначае ў сваіх справаздачах, што штурм мяжы нярэдка рыхтуецца пры дапамозе беларускіх вайскоўцаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG