Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У прэм'ер-міністра Славаччыны Робэрта Фіцу стралялі, ён паранены, яму зрабілі апэрацыю

абноўлена

Затрыманьне меркаванага нападніка на прэм'ер-міністра Славаччыны Робэрта Фіцу (фота Reuters)
Затрыманьне меркаванага нападніка на прэм'ер-міністра Славаччыны Робэрта Фіцу (фота Reuters)

Славацкія СМІ паведамляюць, што ў прэм'ер-міністра краіны Робэрта Фіцу стралялі на сустрэчы зь людзьмі ў горадзе Гандлава, прыкладна за 150 кілямэтраў на поўнач ад сталіцы краіны, Браціславы.

Яго адвезьлі верталётам у шпіталь у суседнім горадзе Банская Бастрыца, меркаванага нападніка затрымалі.

На старонцы Фіцы ў фэйсбуку зьявілася паведамленьне, дзе гаворыцца, што раненьні пагражаюць жыцьцю прэм'ера. Увечары міністар абароны Робэрт Каліняк сказаў, што хірургі працягваюць апэраваць прэм'ера і што той «змагаецца за жыцьцё». Позна ўвечары віцэ-прэм'ер Томаш Тараба паведаміў журналістам, што апэрацыя прайшла пасьпяхова і чакаецца, што Фіца выжыве.

На ранейшым брыфінгу міністар унутраных справаў Матуш Шутай Эштак паведаміў, што ў краіне ўзмоцненая ахова палітыкаў і журналістаў, і заклікаў спыніць праявы нянавісьці ў сацыяльных сетках і мэдыях. Ён таксама заявіў, што замах на прэм'ер-міністра быў палітычна матываваны, нападнік выпусьціў у Фіцу пяць куляў.

Урад і парлямэнт Славаччыны зьбяруцца на экстранае пасяджэньне, падчас якога вызначаць кандыдатуру часовага выканаўцы абавязкаў прэм'ер-міністра краіны, паведамляе dennikn.sk.

Славацкае агенцтва Aktuality.sk пагутарыла з сынам падазраванага ў нападзе, 71-гадовага Ю.Ц. Той сказаў журналістам, што бацька меў афіцыйна зарэгістраваную зброю, бо некалі працаваў у прыватнай ахоўнай службе. Міністэрства ўнутраных справаў пакуль афіцыйна не пацьвердзіла гэтай інфармацыі.

У сацыяльных сетках зьявілася відэа, дзе меркаваны нападнік адказвае на пытаньне пра свае матывы. Ён кажа, што не згодны з апошнімі крокамі ўраду, у прыватнасьці ў адносінах да СМІ. Відавочна, што відэа зьнята ўжо пасьля яго затрыманьня, аднак цалкам абставіны, пры якіх яно зьявілася, не ясныя.

Як перадаюць, нападнік страляў у Фіцу каля Дому культуры, дзе адбывалася паседжаньне ўраду. Прэм'ер-міністар выйшаў павітацца зь людзьмі.

Зьявілася рэакцыя прэзыдэнткі краіны Зузаны Чапутавай: «Я шакаваная. Я зычу Робэрту Фіцу ў гэты крытычны час шмат сілаў, каб ён змог ачуняць ад гэтага нападу».

Замах на Фіцу асудзілі і іншыя славацкія палітыкі, у тым ліку абраны прэзыдэнт Пэтэр Пэлегрыні, а таксама шэраг эўрапейскіх палітыкаў і чыноўнікаў, сярод якіх кіраўніца Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен, генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг, канцлер Нямеччыны Оляф Шольц.

У сваю чаргу некаторыя саюзьнікі Фіцы па ягонай партыі і кіроўнай кааліцыі рэзка крытыкуюць апазыцыю і журналістаў, фактычна ўскладаючы на іх ускосную адказнасьць за замах. Лідэр Нацыянальнай партыі, якая ўваходзіць ва ўрадавую кааліцыю, Андрэй Данка заявіў, што для яго партыі зараз «пачынаецца палітычная вайна», і параіў супернікам ураду «сядзець ціха».

Затрыманьне меркаванага нападніка
Затрыманьне меркаванага нападніка
Фота зь месца нападу. Ахова нясе Фіцу ў машыну
Фота зь месца нападу. Ахова нясе Фіцу ў машыну

Фіца быў прызначаны кіраўніком ураду ў кастрычніку, пасьля перамогі яго папулісцкай партыі «Курс – Славацкая сацыял-дэмакратыя» на парлямэнцкіх выбарах. Партыя прытрымліваецца эўраскептычнай і нацыяналістычнай арыентацыі і перад выбарамі выступала за абмежаваньне ваеннай дапамогі Ўкраіне і за рэзкае ўзмацненьне міграцыйнага кантролю.

Робэрт Фіца, архіўнае фота
Робэрт Фіца, архіўнае фота

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG