Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне асудзілі беларуса за марадэрства ў Бучы


Буча ў Кіеўскай вобласьці стала сымбалем жорсткіх злачынстваў расейскіх вайскоўцаў. Ілюстрацыйнае фота
Буча ў Кіеўскай вобласьці стала сымбалем жорсткіх злачынстваў расейскіх вайскоўцаў. Ілюстрацыйнае фота

Грамадзянін Беларусі раней, імаверна, служыў у Гомельскім упраўленьні Міністэрства надзвычайных сытуацый.

Ва Ўкраіне суд вынес вырак грамадзяніну Беларусі за крадзяжы тавараў у крамах Бучы ў часе расейскай акупацыі.

Згодна з выракам, беларуса пакаралі 5 гадамі пазбаўленьня волі з выпрабавальным тэрмінам цягам двух гадоў.

Як вынікае з матэрыялаў справы, грамадзянін Беларусі разам са сваёй сяброўкай, грамадзянкай Украіны, выкрадалі тавары ў краме касмэтычных вырабаў Watson’s і гандлёвым доме «Буча Пассаж».

Справу завялі 19 красавіка 2022 году. У ёй некалькі эпізодаў. Сьледчыя сьцьвярджаюць, што крадзяжом тавараў пара займалася з 10 сакавіка 2022 году, у часе расейскай акупацыі гораду, да 25 красавіка 2022 году — на той час Буча ўжо была вызваленая ўкраінскімі войскамі. Паводле кваліфікацыі злачынства — крадзеж ва ўмовах ваеннага становішча, ім пагражала зьняволеньне на тэрмін ад 5 да 8 гадоў.

Абаіх фігурантаў затрымалі, але неўзабаве вызвалілі пад хатні арышт і яны ўцяклі. Пакуль іх шукалі, украінка памерла і на яе справу закрылі, а беларуса затрымалі сёлета ў сакавіку і асудзілі.

Грамадзянін Беларусі мае вышэйшую адукацыю, нежанаты, ня мае судзімасьці. Як вынікае з выраку, у якім пералічваюцца рэчы, вернутыя яму, беларус, падобна, меў дачыненьне да Міністэрства надзвычайных сытуацый Беларусі. У прыватнасьці, яму вярнулі пасьведчаньні «Цэнтру прапаганды МНС» і «Гомельскага МНС».

У судзе беларус «цалкам прызнаў сваю віну, шчыра раскаяўся, запэўніў, што зрабіў для сябе належныя высновы, прасіў строга яго не караць».

Вырак, які вынесьлі 19 красавіка, набудзе юрыдычную моц праз 30 дзён, калі абвінавачаньне яго не абскардзіць. Увесь гэты час беларус будзе знаходзіцца пад хатнім арыштам.

Летась у кастрычніку стала вядома, што ва Ўкраіне за марадэрства ва ўмовах ваеннага становішча ў вышук абвясьцілі яшчэ аднаго грамадзяніна Беларусі, ураджэнца Магілёва, які прыехаў ва Ўкраіну ў 2020 годзе і жыў у Бучанскім раёне разам са сваёй сям’ёй.

Пазьней стала вядома, што праваахоўныя органы вышукваюць Сяргея Лук’янава, які ўцёк з-пад варты ў Польшчу і там вёў гурток для ўкраінскіх дзяцей. Да ўцёкаў ва Ўкраіну ён працаваў мастаком у Сьвята-Елісавецінскім манастыры ў Менску. У Кіеве ён арганізаваў варту стыхійна створанага каля беларускай амбасады мэмарыялу памяці Рамана Бандарэнкі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG