Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЦВК Беларусі прызначылі высокапастаўленага сілавіка


Аляксей Башан
Аляксей Башан

Аляксандар Лукашэнка прызначыў першага намесьніка начальніка Акадэміі МУС Аляксея Башана чальцом Цэнтральнай выбарчай камісіі. Адпаведны ўказ падпісаны 19 красавіка, паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.

Аляксей Башан — палкоўнік міліцыі, кандыдат юрыдычных навук, прафэсар. У 1997 годзе скончыў Акадэмію МУС, у 2005 годзе — ад’юнктуру навукова-пэдагагічнага факультэта Акадэміі МУС. Пасьля заканчэньня адʼюнктуры выкладаў на катэдры апэратыўна-вышуковай дзейнасьці Акадэміі МУС, у 2013 годзе ўзначаліў катэдру. У 2014 годзе прызначаны на пасаду першага намесьніка начальніка Акадэміі МУС.

Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі складаецца з 12 сябраў, на прафэсійнай аснове працуюць старшыня і сакратар камісіі. ЦВК дзейнічае на сталай аснове, тэрмін яе паўнамоцтваў — 5 гадоў. Дзейны склад камісіі сфармаваны ў сьнежні 2021 году. Чарговыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны прайсьці не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.

Кандыдатуры ў склад ЦВК рэкамэндуе Лукашэнка сумеснымі рашэньнямі прэзыдыюмаў абласных, Менскага гарадзкога Саветаў дэпутатаў і абласных, Менскага гарадзкога выканаўчых камітэтаў.

Апошнім часам на розныя кіроўныя і адказныя пасады ў Беларусі ўсё часьцей прызначаюць былых сілавікоў. Так, напрыклад, на пасаду сьпікера Палаты прызначылі выхадца з КДБ Ігара Сергеенку, Парк высокіх тэхналёгій узначаліў, былы супрацоўнік КДБ Аляксандар Базанаў, кіраўніком Нацыянальнага гістарычнага архіву прызначылі Міхаіла Глушакова, які таксама доўгі час служыў у КДБ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG