Эўрапейскі зьвяз павінен прыняць захады, каб дапамагчы Фінляндыі спыніць наплыў мігрантаў праз Расею, заявіў 19 красавіка прэм’ер-міністар Фінляндыі Пэтэры Орпа.
Летась Фінляндыя закрыла сваю доўгую мяжу з Расеяй на фоне росту колькасьці мігрантаў з краін, у тым ліку Сырыі і Самалі, і абвінаваціла Маскву ў выкарыстаньні міграцыі як зброі. Крэмль адмаўляе гэта, піша Reuters.
«Мы рыхтуем уласнае заканадаўства, але нам таксама патрэбны захады ЭЗ», — сказаў Орпа, не ўдакладняючы падрабязнасьцяў. Такую выснову ён зрабіў пасьля наведваньня мяжы з Расеяй разам з прэзыдэнтам Эўракамісіі Ўрзуляй фон дэр Ляен.
На той жа прэс-канфэрэнцыі фон дэр Ляен заявіла, што Эўракамісія шчыльна супрацоўнічае з краінамі паходжаньня мігрантаў, пагаджаючыся з пазыцыяй Фінляндыі.
«Мы бачым, што дзяржава выкарыстоўвае бедных людзей для аказаньня ціску на іншую дзяржаву, таму гэта відавочная праблема бясьпекі», — сказала яна.
Захады, якія прымаюцца для барацьбы зь мігрантамі з Расеі, павінны знайсьці балянс паміж абаронай бясьпекі межаў і міжнароднымі абавязаньнямі, сказала яна.
Усьлед за прыкладам Польшчы і Літвы на мяжы зь Беларусьсю фінскі ўрад распрацоўвае законапраект, які дазволіць памежнікам блякаваць асоб, якія ўяжджаюць у краіну з Расеі.