Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камітэт у правах чалавека ААН прызнаў парушэньне правоў беларусаў Беражнога і Гарчакова праз 6 гадоў пасьля іх пакараньня сьмерцю


Ілюстрацыйная выява
Ілюстрацыйная выява

Беларускія ўлады парушылі нормы Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах у справе Сямёна Беражнога і Ігара Гарчакова, якія ў 2017 годзе былі асуджаныя да пакараньня сьмерцю і расстраляныя ў 2018-м.

Да такой высновы прыйшоў Камітэт у правах чалавека (КПЧ) ААН, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

КПЧ адзначыў, што пакт дапускае асуджэньне на сьмерць «за найбольш цяжкія злачынствы», але парушэньне гарантый справядлівага суда «у разборах, якія прыводзяць да вынясеньня сьмяротнага прысуду», робіць прысуд «адвольным па сваім характары» і парушае арт. 6 пакту («Права на жыцьцё ёсьць неад’емнае права кожнага чалавека. Гэта права ахоўваецца законам. Ніхто не можа быць адвольна пазбаўлены жыцьця»).

Заяўнікі звароту ў КПЧ ААН адзначалі, што Беражны і Гершанкоў былі арыштаваныя 26 сакавіка 2015 года, у той час як ордэр на іх зьмяшчэньне пад варту быў выдадзены намесьнікам пракурора Магілёўскай вобласьці толькі 3 красавіка 2015 года. Нарэшце, Беражны і Гершанкоў упершыню паўсталі перад судзьдзём 9 лістапада 2016 года, гэта значыць праз 580 дзён пасьля арышту.

На гэта ўлады Беларусі адказалі, што «папярэдняе заключэньне ажыцьцяўлялася ў адпаведнасьці з Крымінальна-працэсуальным кодэксам».

Аднак жа камітэт палічыў, што пракурор ня можа разглядацца як службовая асоба, упаўнаважаная законам ажыцьцяўляць судовую ўладу, і што Беражны і Гершанкоў не былі апэратыўна дастаўленыя да судзьдзі або іншай службовай асобы, упаўнаважанай па законе ажыцьцяўляць судовую ўладу. Такім чынам Камітэт прыйшоў да высновы, правы Беражнога і Гершанкова былі парушаныя.

Як паказвалі заяўнікі ў сваім звароце да Камітэту, Беражнога і Гершанкова падчас судовага разбору па справе ў Магілёўскім абласным судзе і апэляцыйнага слуханьня ў Вярхоўным судзе ўтрымлівалі ў мэталічных клетках і кайданках. Ім таксама даводзілася насіць турэмную форму з надпісам «зьняволены, асуджаны да сьмяротнага пакараньня» на сьпіне. А падчас працэсу шэраг СМІ трансьлявалі фота- і відэаматэрыялы, атрыманыя ад сьледчых органаў, і называлі Беражнога і Гершанкова «вінаватымі», што прывяло да прадузятай грамадзкай думкі супраць іх і да праблем з пошукам адвакатаў, гатовых узяцца за іх крымінальныя справы.

Улады Беларусі тут адкінулі сьцьвярджэньні аўтараў звароту аб тым, што «суд першай інстанцыі знаходзіўся пад уплывам грамадзкасьці і СМІ і неаднаразова дапускаў дзеяньні, якія паказваюць на прадузятае стаўленьне, што парушала прэзумпцыю невінаватасьці».

Камітэт прыйшоў да высновы, што падчас суду над Беражным і Гарчаковым прэзумпцыя невінаватасьці была парушаная.

21 ліпеня 2017 года Магілёўскі абласны суд прыгаварыў Беражнога і Гершанкова да сьмерці, прызнаўшы вінаватымі ў забойстве, замаху на забойства, рабаваньні і махлярстве ў складзе арганізаванай групы. Яны падалі апэляцыйныя скаргі ў Вярхоўны суд (ВС), хадайнічалі аб правядзеньні наглядных праверак у Генпракуратуру і ВС, але беспасьпяхова. Таксама былі адхіленыя іх прашэньні аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі.

29 чэрвеня і 13 ліпеня 2018 года КПЧ ААН заклікаў беларускія ўлады не караць сьмерцю Беражнога і Гершанкова, пакуль камітэт не разгледзіць атрыманыя ад іх імя індывідуальныя звароты. Тым не менш 29 лістапада таго ж года камітэту было паведамлена, што прысуд у адносінах да абодвух мужчын ужо выкананы. У гэтым КПЧ убачыў «адсутнасьць супрацоўніцтва» з боку ўладаў.

Камітэт тады заявіў, што Беларусь павінна выплаціць мацяркам пакараных адэкватную грашовую кампэнсацыю за гібель іх сыноў, а таксама пакрыць панесеныя судовыя выдаткі.

Інфармацыйнае агенцтва «Позірк» нагадала, што 29 кастрычніка 2022 года Беларусь дэнансавала Факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. На разглядзе адпаведнага законапраекту ў Савеце Рэспублікі намесьнік міністра замежных справаў Юры Амбразевіч, які яго прадстаўляў, заявіў, што ўзаемадзеяньне Менска і КПЧ ААН у рамках Факультатыўнага пратакола «характарызавалася нарастаючым разыходжаньнем у тлумачэньні яго функцыі і мандата па разглядзе індывідуальных паведамленьняў».

Чыноўнік сьцьвярджаў, што «з моманту далучэньня Беларусі да Факультатыўнага пратакола КПЧ значна адышоў у практыцы сваёй працы ад строгага захаваньня палажэньняў тэкстаў пакту і пратаколу, і неаднаразова без запытваньня меркаваньняў дзяржаў-чальцоў тлумачыў іх палажэньні, пашыраючы свае паўнамоцтвы».

На яго думку, падобныя дзеяньні Камітэту «зьяўляюцца ўмяшаньнем у кампэтэнцыю» нацыянальных праваахоўных сыстэм і закліканы аказаць палітычны ціск на нацыянальныя судовыя сыстэмы ў рамках «дактрынальных падыходаў, вызначаных дамінаваньнем Захаду ў структурах ААН».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG