Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) не выключаюць, што Беларусь і Расея ўмацоўваюць сваё партнэрства ў авіяцыі, каб у будучыні супольна выпускаць баявыя самалёты.
«Расея і Беларусь умацоўваюць партнэрства ў вытворчасьці самалётаў і, імаверна, умацуюць сваю здольнасьць супольна вырабляць баявыя самалёты для выкарыстаньня Расеяй ва Ўкраіне», — адзначаецца ў справаздачы інстытуту за 15 красавіка.
15 красавіка ў Маскве па выніках сустрэчы кіраўнікоў урадаў Беларусі і Расеі Рамана Галоўчанкі і Міхаіла Мішусьціна былі падпісаныя некалькі міжурадавых дамоваў, у тым ліку аб распрацоўцы лёгкага шматмэтавага самалёта «Асьвей» з двума рухавікамі.
Дзяржаўныя СМІ Беларусі сьцьвярджаюць, што гэты самалёт будзе цывільны, а яго вытворчасьцю будзе займацца авіярамонтны завод у Баранавічах.
На пачатку красавіка амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў ня выключыў, што на беларускіх прадпрыемствах арганізуюць вытворчасьць вузлоў для пасажырскай авіяцыі, а таксама невялікіх самалётаў для мясцовых авіяліній «Байкал» і «Ладога».