Стала вядома, што Анжаліка Борыс сустракалася з Анджэем Пачобутам у калёніі

Анджэй Дуда на сустрэчы з Анжалікай Борыс
Анджэй Дуда на сустрэчы з Анжалікай Борыс

Раней Борыс таксама была палітзьняволенай. Пра сустрэчу з Пачобутам яна расказала польскаму прэзыдэнту.

Кіраўніца забароненага ўладамі Беларусі Саюзу палякаў Анжаліка Борыс сустракалася ў калёніі з асуджаным на 8 гадоў журналістам Анджэем Пачобутам. Спатканьне дазволіў Аляксандар Лукашэнка. Пра гэта Борыс расказала на сустрэчы з прэзыдэнтам Польшчы Анджэем Дудам, паведаміла канцылярыя польскага прэзыдэнта.

«Прэзыдэнт Дуда ўчора прыняў у прэзыдэнцкім палацы прадстаўнікоў Кіраўнічай рады Саюзу палякаў Беларусі Анжаліку Борыс і Марэка Занеўскага. Анжаліка Борыс паведаміла пра сваю сустрэчу з Анджэем Пачобутам, які знаходзіцца ў наваполацкай калёніі, што адбылася са згоды Аляксандра Лукашэнкі.

На сустрэчы ў прэзыдэнцкім палацы прыняў удзел дзяржсакратар канцылярыі Анджэй Дэра і старшыня Кіраўніцтва Фундацыі „Дапамога палякам на Ўсходзе“ Мікалай Фалькоўскі», — гаворыцца ў паведамленьні канцылярыі.

Калі дакладна Борыс пабывала ў калёніі і бачыла Пачобута, невядома.

Акрамя таго, Анжаліка Борыс сустрэлася з ваяводам падляскім Яцкам Бжазоўскім. Яны размаўлялі пра польскае школьніцтва ў Беларусі, дзейнасьць польскіх адукацыйных пляцовак і штодзённыя праблемы польскай супольнасьці за ўсходняй мяжой Польшчы, піша Радыё Рацыя.

Анджэя Пачобута арыштавалі ў сакавіку 2021 году, а 8 лютага 2023 году яму прысудзілі 8 гадоў пазбаўленьня волі. Праваабаронцы прызналі яго палітычным зьняволеным.

Палітзьняволенай была і сама Анжаліка Борыс. У сакавіку 2022 году Борыс перавялі са сьледчага ізалятару ў Жодзіне пад хатні арышт. 4 красавіка 2023 году стала вядома пра вызваленьне Борыс з-пад хатняга арышту. Пазьней справу супраць яе закрылі.

​
XS
SM
MD
LG