Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхар Камянца перакрыў частку вуліцы і паставіў плякат, каб улады адрамантавалі дарогу


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Незвычайны пікет адбыўся на поўдні Беларусі.

Дрэнны стан дарогі справакаваў жыхара Камянца стаць на абарону свайго ўчастку ад пастаяннага падтапленьня ліўневымі водамі. Дом, у якім ён жыве, разьмешчаны на скрыжаваньні вуліц Сяргея Вірко і Мэліяратараў. Года паўтара таму тут будавалі разьмеркавальны газаправод да кварталу індывідуальнай жылой забудовы ў Камароўшчыне. Дарогу пасьля сябе падрадная арганізацыя пакінула ў самым непрывабным стане, піша kamenec.by.

Андрэй Х., як яго называе выданьне, адзначыў, што цяпер у яго затапляецца двор, гараж і адрыны: усё ў вадзе па калена — пасьля залеваў вада з вуліцы наўпрост ішла ў двары.

Мужчына паказаў перапіску з рознымі інстанцыямі: праблему прызнаюць і абяцаюць выканаць рамонт дарогі, як толькі зьявіцца магчымасьць. Але час ідзе, а магчымасьці ўсё не зьяўляюцца, падкрэсьлівае выданьне.

Каб засьцерагчы сябе ад затапленьня, чалавек за свае сродкі завёз, паводле яго, 180 тонаў пяску, падняўшы такім чынам частку вуліцы, якая непасрэдна прымыкае да ягонага ўчастку. Пасярэдзіне вуліца па-ранейшаму непраезная. Машыны ў бок Камароўшчыны і назад пачалі езьдзіць менавіта па гэтым сухім баку, разьбіваючы і яго, што, па зразумелых прычынах, жыхароў дома не задавальняе.

Між тым участак вуліцы, пра які ідзе гаворка, знаходзіцца ў такім стане, што Камянецкае ЖКГ па ўзгадненьні з ДАІ вырашыла ўвогуле на час закрыць яго для руху. Каля двух месяцаў таму з абодвух бакоў яго перакрылі турнікетамі і паставілі знак, што праезд забаронены. Праходзілі толькі пешаходы і раварысты. Але потым, расказвае Андрэй, нехта перасунуў турнікет, і машыны зноў пайшлі напрасткі, бо аб’яжджаць за квартал камусьці здалося далёка.

Затым хтосьці ўвогуле перакуліў усю загараджальную канструкцыю. Тады Андрэй Х. перакрыў дарогу калючым дротам, павесіўшы яшчэ самаробны плякат, які папярэджвае: аварыйна-небясьпечны ўчастак, праход і праезд забароненыя. Пасьля скаргаў іншых жыхароў на месца прыехала міліцыя і дала мужчыну строгае ўказаньне дрот зьняць і праход для людзей і ровараў адкрыць.

«Мы, вядома, ведаем аб гэтай праблеме і трымалі пытаньне на кантролі, — патлумачыў дырэктар „Камянецкага ЖКГ“ Павал Заграй. — Два месяцы таму па ўзгадненьні з ДАІ мы перакрылі рух на гэтым участку вуліцы на час, неабходны для выбару падраднай арганізацыі. Цяпер падрадчык вызначыўся. Неўзабаве, калі не перашкодзіць надвор’е, пачнём работы ў асфальтаваньні вуліцы. Да 1 траўня плянуем іх завяршыць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG