Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 15 красавіка: затрымалі братоў, якія сыгналілі падчас пратэстаў-2020; дырэктара «ФілТБ» двойчы судзілі за «экстрэмізм»


Сілавік каля суду. Архіўнае фота
Сілавік каля суду. Архіўнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

Сілавікі затрымалі двух братоў, якія падчас пратэстаў у Менску сыгналілі з машыны

Праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі відэа зь менскага праспэкту Незалежнасьці, калі кіроўцы сыгналілі пратэстоўцам. На «пакаяльным відэа» сілавікоў адзін з затрыманых кажа, што напісаў камэнтар: «Хороший автозак — это перевернутый автозак».

У відэа сілавікоў паведамляецца, што на абодвух мужчын завялі крымінальныя справы.

Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», затрыманыя — 23-гадовы Ягор і 27-гадовы Арцём Шкарадзёнкі. Ягор — аматар рэп-музыкі і піша ўласны рэп пад нікнэймам FRUTTI, Арцём цікавіцца спортам і асабліва футболам, заўзее за клюб Arsenal.

Дырэктара прыватнай тэлекампаніі ў Гомлі двойчы судзілі за «экстрэмізм»

Заснавальніка і дырэктара гомельскай прыватнай тэлекампаніі «ФілТБ» Віталя Філінскага двойчы судзілі паводле адміністрацыйнага артыкулу аб распаўсюджваньні «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. Першы суд прайшоў у канцы сакавіка. Ён атрымаў 15 дзён арышту, а потым — яшчэ 15, піша «Флагшток».

Філінскі яшчэ ня выйшаў на волю. Неўзабаве пасьля ягонага арышту зьнік намесьнік дырэктара «ФілТБ» Андрэй Віньнікаў. Ён выйшаў з дому ноччу 1 красавіка і не вярнуўся. Мужчыну шукае міліцыя і валянтэры.

«ФілТБ» — адзінае ў Гомельскай вобласьці рэклямнае агенцтва поўнага цыклю, працуе з 1996 году і за гэты час выконвала, у тым ліку і дзяржаўныя замовы, напрыклад, здымала фільм для Рады Рэспублікі.

За ўдзел у пратэстах 2020 году затрымалі жыхарку Берасьця

Праўладныя тэлеграм-каналы сьцьвярджаюць, што жанчына ўдзельнічала ў акцыі пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 10 жніўня 2020 году.

Паводле інфармацыі «Медиазоны», гаворка ідзе пра былую палітзьняволеную Валянціну Жукоўскую.

Праваабаронцам вядома, што ў 2021 годзе яе ўжо асудзілі на 1,5 года «хатняй хіміі» ў «карагоднай справе».

Арыштавалі старшыню браслаўскага Таварыства ратаваньня на вадзе

Суд Браслаўскага раёну асудзіў старшыню браслаўскага Таварыства ратаваньня на вадзе Аляксея Бузо на 15 дзён арышту за распаўсюджваньне «экстрэмісцкіх» матэрыялаў (артыкул 19.11 КаАП), бо той меў падпіскі ў «Аднаклясьніках», піша тэлеграм-канал «Витебск, я гуляю!» са спасылкай на рашэньне суду.

Старшыню Таварыства ратаваньня на вадзе Аляксея Бузо асудзілі 28 сакавіка. Яго затрымалі 25 сакавіка за падпіску на суполкі «STOP LUKA» і «Тэлеканал Белсат». Апроч арышту, суд пастанавіў канфіскаваць у Бузо тэлефон.

Аляксей Бузо калісьці ўзначальваў ратавальны пост у аграгарадку Плюсы. У 2013 годзе яго адзначылі як найлепшага начальніка ратавальнага паста ў раёне, ён атрымаў ганаровую грамату райвыканкаму.

74-гадовага пэнсіянэра з Хойнікаў будуць судзіць за камэнтары

18 красавіка ў Гомельскім абласным судзе пачнецца разгляд крымінальнай справы супраць Анатоля Кірэйчыка, пэнсіянэра з Хойнікаў. Судовы працэс прызначаны весьці судзьдзя Яўген Шаршнёў, піша «Гомельская Вясна».

Паводле дадзеных сьледзтва, з кастрычніка 2020 па люты 2022 году мужчына сыстэматычна разьмяшчаў камэнтары пад фатаздымкамі прадстаўнікоў улады, дзе, «не саромеючыся ў выразах, абражаў, публічна прыніжаў і ганьбіў іх гонар і годнасьць». Падчас ператрусу ў яго дома знайшлі боепрыпасы.

Пэнсіянэр расказаў сьледчым, што калекцыянаваў іх.

Дзеяньні мужчыны кваліфікавалі паводле арт. 188 КК («Паклёп»), арт. 369 КК («Публічная абраза прадстаўніка ўлады»), арт. 391 КК («Абраза судзьдзі») і ч. 2 арт. 295 КК («Незаконнае захоўваньне боепрыпасаў»).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG