Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прызначыў у сваю адміністрацыю Пярцова і загадаў заняцца «ідэалягічнай працай»


Уладзімер Пярцоў, архіўнае фота
Уладзімер Пярцоў, архіўнае фота

Да гэтага часу Ўладзімер Пярцоў працаваў на пасадзе міністра інфармацыі Беларусі.

Аляксандар Лукашэнка 8 красавіка прызначыў першым намесьнікам кіраўніка сваёй адміністрацыі Ўладзімера Пярцова, які да гэтага часу быў міністрам інфармацыі.

Аб прызначэньні новага кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі інфармацыі няма, ранейшы кіраўнік Ігар Сергеенка стаў старшынём Палата прадстаўнікоў.

«Ідэалягічная праца сёньня выходзіць на першы плян. І прынята рашэньне аб накіраваньні вас у Адміністрацыю прэзыдэнта на пасаду кіраўніка інфармацыйнай вось гэтай сфэры ўвогуле ў краіне.

Дакладна так трэба падцягнуць, прывесьці ў парадак сродкі масавай інфармацыі ўсе, ідэалягічную працу і вывесьці на намесьніка кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта. Можа быць, нават мець камісію нейкую пад сваім кіраўніцтвам, каб параіцца, своечасова адрэагаваць», — цытуе Лукашэнку БелТА.

Перасьлед незалежных СМІ ў Беларусі

Прызначэньне адбылося на фоне перасьледу журналістаў, супрацоўнікаў СМІ і блогераў, які працягваецца ў Беларусі ўжо некалькі гадоў. З красавіка 2021 году міністрам інфармацыі быў Ўладзімер Пярцоў.

Пераважная большасьць незалежных мэдыя цяпер пазбаўленая магчымасьці працаваць у Беларусі. Іх дзейнасьць, а таксама любое супрацоўніцтва зь імі крыміналізавалі пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам, а доступ да іх кантэнту ў Беларусі блякуецца.

Незалежныя мэдыя зазнаюць ціск і абмежаваньні з боку дзяржавы, адзначаецца ў справаздачы «СМІ ў Беларусі ў 2023 годзе», апублікаванай 31 студзеня Беларускай асацыяцыяй журналістаў (БАЖ).

Паводле інфармацыі БАЖ, 35 супрацоўнікаў СМІ знаходзяцца ў зьняволеньні. У 2023 годзе «журналісты зазналі адміністрацыйны арышт 16 разоў», адбылося «46 затрыманьняў журналістаў і 34 ператрусы іх дамоў і офісаў».

«На працягу 2023 году „экстрэмісцкімі фармаваньнямі“ былі прызнаныя 10 незалежных СМІ (удвая больш, чым летась), а таксама сама БАЖ. 33 асуджаныя супрацоўнікі СМІ былі ўключаныя ў афіцыйны сьпіс „экстрэмістаў“ і 12 — у сьпіс „тэрарыстаў“», — удакладняецца ў дасьледаваньні.

30 чэрвеня 2023 году былі прынятыя зьмены ў закон «Аб сродках масавай інфармацыі». Ім увялі патрабаваньні да функцыянаваньня агрэгатараў навін (у тым ліку прадугледжаная магчымасьць іх блякаваньня за распаўсюд кантэнту заблякаваных сайтаў), пашыраны пералік падставаў для пазбаўленьня СМІ рэгістрацыі і абмежаваньня доступу да інтэрнэт-рэсурсаў, устаноўленая магчымасьць прымяненьня сымэтрычных мераў у адказ на «антыбеларускія» выпады замежных СМІ і журналістаў.

У Крымінальным кодэксе Беларусі зьявіліся новыя артыкулы за «экстрэмізм». У прыватнасьці, арт. 289-1 прадугледжвае адказнасьць за «прапаганду тэрарызму або яго публічнае апраўданьне», арт. 369-1 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) дапоўнілі адказнасьцю за «распаўсюд заведама ілжывай інфармацыі, якая дыскрэдытуе Ўзброеныя сілы, воінскія фармаваньні, ваенізаваныя арганізацыі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG