Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэкорд з пачатку міграцыйнага крызісу: Польшча 4 красавіка спыніла 305 спробаў незаконнага перасячэньня мяжы зь Беларусі 


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Польскі памежнік на польска-беларускай мяжы, кастрычнік 2023 году
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Польскі памежнік на польска-беларускай мяжы, кастрычнік 2023 году

Памежная ахова Польшчы 4 красавіка папярэдзіла 305 спробаў незаконнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі — гэта рэкорд за суткі з пачатку міграцыйнага крызісу (папярэдні рэкорд быў усталяваны 21 сакавіка 2024 году — 298), сьведчыць праведзены «Позіркам» аналіз статыстыкі памежных ведамстваў.

Для параўнаньня: 4 красавіка памежнікі Латвіі спынілі 19 спробаў нелегальнага пранікненьня зь беларускай тэрыторыі, спробаў парушэньня дзяржаўнай мяжы Літвы зафіксавана не было. 5 красавіка ні латвійскія, ні літоўскія памежнікі таксама не зафіксавалі выпадкаў незаконнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, польскія памежнікі актуальную інфармацыю пакуль не апублікавалі.

З пачатку 2024 году краіны Эўразьвязу папярэдзілі сама меней 5848 спробаў парушэньня мяжы з боку Беларусі, сьведчаць падлікі «Позірку» (Польшча — сама меней 4831, Латвія — 872, Літва — 145).

Менавіта «пагрозамі нелегальнай міграцыі» патлумачыла Памежная ахова Польшчы больш павольны і пільны дагляд падарожнікаў на мяжы зь Беларусьсю. Паводле польскага боку, з гэтай прычыны афіцэраў з пункту пропуску ў Тарэспалі апошнім часам вымушана перакідваюць на стрымліваньне мігрантаў у лясах.

У 2023 годзе Польшча, Літва і Латвія спынілі 42 078 спробаў незаконнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі (Польшча — 25 571, Латвія — 13 863, Літва — 2 644), у 2022-м — 31 892 (Польшча — 15 655, Латвія — 5 026, Літва — 11 211).

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краінаў ЭЗ працягваецца зь вясны 2021 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG