Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белы дом даручыў NASA стварыць стандарт часу на Месяцы


LTC стане эталёнам вымярэньня часу для месячных касьмічных караблёў і спадарожнікаў, якім для выкананьня сваіх місій патрабуецца гранічная дакладнасьць, піша агенцтва Reuters.

Адміністрацыя прэзыдэнта ЗША даручыла Нацыянальнаму ўпраўленьню ЗША па аэранаўтыцы і дасьледаваньні касьмічнай прасторы (NASA), а таксама шэрагу іншых ведамстваў распрацаваць да канца 2026 году плян па ўкараненьні так званага скаардынаванага месячнага часу (Coordinated Lunar Time, LTC). Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters.

З прычыны розьніцы ў гравітацыі і іншых фактараў на Месяцы і іншых нябесных целах мяняюць успрыманьне часу. «Тыя ж гадзіньнікі, якія ёсьць у нас на Зямлі, на Месяцы ішлі б зь іншай хуткасьцю», — растлумачыў Reuters кіраўнік аддзелу касьмічнай сувязі і навігацыі NASA Кевін Когінс.

Для чалавека на Месяцы зямны гадзіньнік будзе ў сярэднім страчваць 58,7 мікрасэкунды за суткі. Магчымыя і іншыя адхіленьні, якія яшчэ больш аддаляюць месячны час ад зямнога.

На Зямлі дакладны час рэгулююць на аснове Сусьветнага каардынаванага часу (Coordinated Universal Time, UTC). Гэты стандарт абапіраецца на шырокую сетку атамных гадзіньнікаў у розных пунктах Зямлі. Спэцыялісты дапускаюць, што для адзінага стандарту месячнага часу атамныя гадзіньнікі давядзецца разьмясьціць і на Месяцы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG