Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нямеччыне дзьве міністаркі абвясьцілі, што хочуць заключыць аднаполы шлюб


Міністар па справах сям’і зямлі Паўночны Рэйн-Вэстфалія Жазэфінэ Паўль і міністар юстыцыі зямлі Саксонія Каця Маер стануць першай гомасэксуальнай парай сярод міністраў у ФРГ.

Палітыкі ўваходзяць у партыю «Саюз 90-х/Зялёныя». Заключэньне шлюбу павінна адбыцца пасьля парлямэнцкіх выбараў у Саксоніі.

Паўль расказала ў інтэрвію часопісу Bunte, што гаворка ідзе «не пра палітычны жэст, а пра каханьне і ўзаемнае жаданьне даказаць гэтае пачуцьцё шлюбам». Яна адзначыла, што маладыя геі і лесьбіянкі сутыкаюцца з праблемамі ў сям’і і цкаваньнем у школе, а значыць, «маюць патрэбу ў падтрымцы і ўпэўненасьці ў тым, што іх каханьне абсалютна нармальнае».

Маер патлумачыла ў інтэрвію, што «гомасэксуальнасьць павінна быць бачная, у тым ліку і на вуліцы». Міністар заявіла, што хоць аднаполыя адносіны падтрымлівае большасьць насельніцтва Нямеччыны, яна да гэтага часу атрымлівае «жудасныя паштоўкі і лісты з найгрубейшымі абразамі ніжэй пояса».

Па прызнаньні Паўль і Маер, яны доўгі час вядуць «адносіны на адлегласьці паміж заходняй і ўсходняй Нямеччынай», аднак іх каханьне не аслабела. Кожную раніцу яны разам п’юць каву, зьвязаўшыся праз FaceTime, а ўвечары абавязкова размаўляюць праз тэлефон.

Маер і Паўль заўсёды выступалі за прыняцьце закону аб аднаполых шлюбах. «Я люблю ня пол, а чалавека», — прызналася Маер у інтэрвію выданьню. Упершыню міністаркі расказалі пра свае адносіны ў інтэрвію газэце Zeit у 2021 годзе.

Закон аб аднаполых шлюбах уступіў у ФРГ у сілу 1 кастрычніка 2017 году. Раней у аднаполы шлюб уступіла старшыня партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» Аліс Вайдэль. Пара выхоўвае двух дзяцей, якія былі народжаныя яе жонкай Сарай Босард, прадусарам са Швайцарыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG