Лінкі ўнівэрсальнага доступу

NATO рыхтуецца адказваць на пагрозы ў Балтыі, але ня бачыць індыкатараў непазьбежнай вайны, — амбасадарка ЗША ў Альянсе


 Сталая прадстаўніца ЗША ў NATO Джуліяна Сьміт
Сталая прадстаўніца ЗША ў NATO Джуліяна Сьміт

Паводле прадстаўніцы ЗША ў NATO Джуліяны Сьміт, сярод захадаў, якія прымаюцца краінамі Балтыі, — павелічэньне колькасьці агульных трэнаваньняў і вайсковых вучэньняў, рост прысутнасьці амэрыканскіх войскаў ва Ўсходняй Эўропе.

NATO прымае актыўныя меры, каб палепшыць сваё становішча на тэрыторыі краін Балтыі, «каб быць гатовымі да ўсіх магчымых непрадбачаных абставін».

Але пакуль ня бачыць такіх індыкатараў і папярэджаньняў такога ўзроўню, як тыя, што прыходзілі, напрыклад, аб небясьпецы расейскай вайны напярэдадні лютага 2022 году. Так адказала на пытаньне аб пагрозе вайны Расеі з NATO пастаянная прадстаўніца ЗША ў NATO Джуліяна Сьміт, піша «Голас Амэрыкі».

Сьміт размаўляла з журналістамі перад сустрэчай міністраў замежных спраў NATO, якая адбудзецца на гэтым тыдні і будзе ўключаць у сябе сэсію Рады NATO — Украіна.

У цэлым бясьпецы для больш як мільярда жыхароў краін NATO, паводле Сьміт, спрыяе і само пашырэньне альянсу.

Сьміт пацьвердзіла, што расейскую пагрозу NATO лічыць галоўнай прамой пагрозай, якой трэба супрацьстаяць. «Мы шмат разоў бачылі ў гісторыі: калі дыктатара або аўтарытарнага лідэра не спыніць, яны працягваюць ісьці далей», — кажа Сьміт. Таму, паводле яе, гэтак важна выцесьніць Расею з украінскіх зямель і спыніць несправакаваную агрэсію.

«Калі яны даб’юцца посьпеху, вядома, неспакой заключаецца ў тым, што Расея будзе працягваць [атакаваць і іншыя краіны]», — кажа Сьміт. Але ў той жа час яна запэўніла:

«Хачу сказаць нашым сябрам у краінах Балтыі: мы ня бачым непасрэднай пагрозы тэрыторыі NATO ні ў балтыйскім рэгіёне, ні, шчыра кажучы, у любым іншым рэгіёне».

«За апошнія два гады мы зрабілі шмат крокаў для ўзмацненьня стрымліваньня і абароны, асабліва на ўсходнім флянгу. Мы вельмі сурʼёзна ставімся да праблем бясьпекі нашых сяброў у краінах Балтыі і робім актыўныя захады, каб палепшыць нашу пазыцыю там», — дадала яна.

Па словах Сьміт, існуюць новыя рэгіянальныя пляны, якія дазваляюць дакладна ведаць, што мы мусім зрабіць, каб абараніць кожную цалю тэрыторыі NATO.

«Я не хачу, каб у нашых сяброў у краінах Балтыі стварылася ўражаньне, што нейкім чынам вайна прыходзіць на тэрыторыю NATO імгненна. Мы ўспрымаем гэта сурʼёзна, але ня лічым гэта непасрэднай пагрозай», — падкрэсьліла Сьміт.

Яна таксама заявіла: «Мы нікому не сыгналізуем, што вайна непазьбежная».

«Цяпер мы бачым, што Расея цалкам уцягнутая ў сваю несправакаваную агрэсіўную вайну ўнутры Украіны, але ў нас няма індыкатараў і папярэджаньняў аб тым, што расейская вайна на тэрыторыі NATO непазьбежная, і я сапраўды хачу гэта выразна ўдакладніць», — паўтарыла чыноўніца.

Сьміт нагадала, што ЗША не падтрымліваюць ідэю адпраўкі войскаў для вайны ва Ўкраіну, але імкнуцца і далей падтрымліваць Украіну і яе абарону ад расейскай агрэсіі.

Наконт пэрспэктыў амэрыканскай дапамогі Ўкраіне Джуліяна Сьміт заявіла:

«Нашы сябры ва Ўкраіне сутыкаюцца з дэфіцытам, і таму важна, каб дапамога ЗША працягвала паступаць. Мы заахвочвалі чальцоў Кангрэса як у Палаце прадстаўнікоў, так і ў Сенаце... Вельмі спадзяёмся, што ўбачым галасаваньне мага хутчэй, каб мы маглі аказаць гэтую важную дапамогу нашым сябрам ва Ўкраіне на полі бою».

Што казаў Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка 2 красавіка ў Горадні заявіў:

«Нікому ня верце, што мы хочам ваяваць. Мы рыхтуемся да вайны, я пра гэта кажу шчыра. „Хочаш міру — рыхтуйся да вайны“, ня я гэта прыдумаў. Гэта вельмі правільна сказана», — сказаў Аляксандар Лукашэнка.

26 сакавіка праўладны тэлеграм-канал «Пул первого» абнародаваў відэазапіс, на якім Аляксандар Лукашэнка вядзе дыялёг з камандуючым войскамі Паўночна-заходняга апэратыўнага камандаваньня Аляксандрам Навуменкам у прысутнасьці іншых вайскоўцаў.

«Каб мы ня ставіліся спрошчана да гэтага, мы мусім ведаць, да чаго яны рыхтуюцца, паколькі яны ўвесь час вякаюць пра гэты Сувальскі калідор. Колькі тут кілямэтраў да Расеі, да Калінінградзкай вобласьці ад нашых межаў?», — запытаў Лукашэнка.

На адказ, што адлегласьць складае 42 кілямэтры, калі наўпрост, і 90 кілямэтраў, калі па мяжы, Лукашэнка заявіў:

«Практычна нічога. Дарма яны так сябе паводзяць. Але ў цяперашні момант табе давядзецца супрацьстаяць балтыйскім рэспублікам. І частку Польшчы ты прыхопліваеш?».

«Там невялікую, паўночную», — сказаў Навуменка.

«Паўночна-ўсходнюю? Сплянавана? Ты ўпэўнены, што гэта па фронце тэрыторыя і ты яе ўтрымаеш сваімі войскамі?» — запытаў Лукашэнка.

29 сакавіка з нагоды гэтых выказваньняў Міністэрства замежных спраў Літоўскай Рэспублікі выклікала часовага паверанага ў справах Рэспублікі Беларусь Яраслава Хмыля і ўручыла яму ноту пратэсту.

Саўдзел уладаў Беларусі ў вайне Расеі супраць Украіны

Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволіў скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.

У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.

Супраць Беларусі ўвялі міжнародныя санкцыі праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
Увесь час ад моманту пачатку расейскай поўнамаштабнай вайны супраць Украіны на тэрыторыі Беларусі амаль бесьперапынна праводзяцца вайсковыя вучэньні, а Ўкраіна ўмацоўвае свае межы на беларускім кірунку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG