Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магіляўчанка ў TikTok папрасіла Лукашэнку дапамагчы, бо яе сына затрымала міліцыя. На зварот адрэагавалі сілавікі


Архіўнае ілюстрацыйнае фота
Архіўнае ілюстрацыйнае фота

Жыхарка Магілёва Людміла К. апублікавала ў TikTok зварот да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай дапамагчы спыніць «сваволю міліцыі» пасьля таго, як міліцыянты затрымалі яе сына. На зварот адрэагаваў не Лукашэнка, а сілавікі, піша праваабарончы праект MAYDAY.TEAM.

30 сакавіка жанчына разьмясьціла на сваёй старонцы відэа, у якім расказала, што яе сына затрымалі супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС за тое, што ён здымаў на відэа пратэрмінаваныя тавары ў розных крамах і публікаваў на сваім YouTube-канале.

«Дапамажыце, калі ласка, мае падпісчыкі, максымальны рэпост. Я прашу прэзыдэнта нашага Аляксандра Рыгоравіча. Здарылася бяда з маім сынам», — сказала жанчына і патлумачыла, што яе 29-гадовага сына затрымалі падчас аднаго зь ягоных паходаў па краме з камэрай — нехта выклікаў на яго міліцыю.

«Забралі тэлефон, два тыдні не аддавалі. Мой сын напісаў у пракуратуру. З пракуратуры пайшла заява ў Сьледчы камітэт. Гэтымі супрацоўнікамі двума заняліся цалкам, як належыць. Праверкі, усё астатняе», — сьцьвярджала ў відэа магіляўчанка.

На думку жанчыны, менавіта зварот яе сына ў розныя інстанцыі раззлаваў сілавікоў, у выніку яны на працягу двух тыдняў тэлефанавалі яе сыну, а 29 сакавіка затрымалі яго на вачах у маленькага дзіцяці.

«Жонка павяла дзіця ў сад, сын пайшоў у другі бок, на прыпынак. Тут дзіця кажа: „Мама, а дзе тата?“ Яны павярнуліся, стаіць звычайная чорная машына, не міліцэйская. Адтуль выйшлі два супрацоўнікі, яго заламалі і ў машыну. Завезьлі ў Кастрычніцкі РАУС Магілёва. Адтуль яго накіравалі ў СІЗА (мабыць, мелася на ўвазе ІЧУ УУС Магілёўскага аблвыканкама. — MAYDAY)», — лічыць жанчына.

Паводле жанчыны, гэтым разам сына арыштавалі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (паводле арт. 19.11 КаАП РБ). Жанчына сьцьвярджае, што «ні ў адным ягоным відэа прапаганды няма».

У сваім звароце яна папрасіла Лукашэнку разабрацца з «сваволяй міліцыі» і заявіла, што «гэта не адзіны выпадак, які павінен стаць на заметку».

На зварот жанчыны адрэагавалі сілавікі: 1 красавіка ў адным з тэлеграм-каналаў, набліжаных да сілавікоў, зьявілася «пакаяльнае» відэа сына жанчыны, дзе той «прызнаецца» ў тым, што ён нібыта «пераслаў экстрэмісцкія матэрыялы з забароненага тэлеграм-каналу». Акрамя таго, у тэксьце сілавікі сказалі «не стагнаць і не сьмярдзець», верагодна, зьвяртаючыся да Людмілы.

Яе відэа ў TikTok ужо выдаленае. Сілавікі «пачысьцілі» таксама Youtube-канал яе сына. Паводле зьвестак праваабаронцаў, у раскладзе судоў яго адміністрацыйная справа не зьяўлялася.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG