Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саюз прадпрымальнікаў аб новым законапраекце: дзясяткі тысяч ІП могуць страціць працу


Гандлёвы цэнтар у Менску, дзе працуюць індывідуальныя прадпрымальнікі. Архіўнае фота
Гандлёвы цэнтар у Менску, дзе працуюць індывідуальныя прадпрымальнікі. Архіўнае фота

Законапраект «Аб зьмяненьні законаў у пытаньнях прадпрымальніцкай дзейнасьці» ўхваліла Палата прадстаўнікоў у другім чытаньні.

Прыняцьце законапраекту аб прадпрымальніцтве ў другім чытаньні ў Менскім сталічным саюзе прадпрымальнікаў і працадаўцаў «успрынялі са шкадаваньнем», заявіў «Эканамічнай газеце» кіраўнік арганізацыі Віктар Маргелаў.

Паводле яго, «дзясяткі тысяч фізычных асоб у выпадку, калі ім будзе забаронена займацца пэўнымі відамі дзейнасьці, могуць страціць працу».

«Закон, вядома, неабходна выконваць, але магчымыя розныя неспрыяльныя наступствы», — дадаў кіраўнік бізнэс-саюзу.

«Я вельмі сумняваюся, што ІП, якія гадамі прывыклі працаваць на сябе, у масе сваёй пагодзяцца пайсьці працаваць да наймальніка. Гэты шлях, магчыма, выберуць каля 10% прадпрымальнікаў. Пераважная большасьць вяртацца ў наём не захочуць. Адпаведна, гэтая катэгорыя ІП будзе працягваць спрабаваць працаваць на сябе, нават калі ім давядзецца зьмяніць юрысдыкцыю», — адзначыў Маргелаў.

Ён ня выключыў, што ў выпадку, калі пералік дазволеных відаў дзейнасьці для ІП істотна скароцяць, «яны могуць выбраць расейскую юрысдыкцыю», што стане «нэгатыўным сцэнаром» для Беларусі і яе эканомікі.

«Для разьвіцьця прадпрымальніцтва ў краіне, на наш погляд, трэба не адміністрацыйныя меры выкарыстоўваць, а ствараць эканамічныя стымулы. Гэта дазволіць пераразьмеркаваць наяўныя кадравыя рэсурсы з карысьцю для грамадзтва і эканомікі», — падкрэсьліў Маргелаў.

Намесьніца старшыні Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Кацярына Гамзунова адзначыла, што «прывабнасьць інстытуту індывідуальнага прадпрымальніцтва за апошнія гады істотна зьнізілася».

«Сама рэформа пакуль выклікае шмат пытаньняў, не даючы адказаў. Аргумэнты, нібыта ІП ствараюць няроўную канкурэнцыю юрыдычным асобам, даволі спрэчныя», — адзначыла сьпікер, дадаўшы, што «лепш за ўсё перажывуць рэформу тыя, хто зможа да яе загадзя падрыхтавацца, прапрацаваўшы розныя варыянты».

Дырэктар бізнэс-саюзу «Канструктыўны дыялёг» Жанна Рогава заявіла, што бізнэс-саюз зь нядаўніх часоў рэгулярна атрымлівае звароты прадпрымальнікаў з пытаньнямі аб тым, што іх чакае заўтра і якія віды дзейнасьці будуць дазволеныя, «аднак адказу ў нас няма».

Законапраект «Аб зьмяненьні законаў у пытаньнях прадпрымальніцкай дзейнасьці» прыняты Палатай прадстаўнікоў у другім чытаньні 21 сакавіка.
Ён, сярод іншага, абмяжоўвае віды дзейнасьці, якія змогуць ажыцьцяўляць індывідуальныя прадпрымальнікі. Іх пералік будзе вызначацца ўрадам асобна.

Задачу мадэрнізаваць фармат работы малога бізнэсу паставіў Аляксандар Лукашэнка ў чэрвені мінулага года.

У 2022 годзе ён адзначыў, што айцішнікі і іпэшнікі «былі ў авангардзе барацьбы ў 2020 годзе», «вываліліся на вуліцы».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG