Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы не хацелі б істотных зьменаў у палітыцы ідэнтычнасьці, — дасьледаваньне Chatham House


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Людзі на вуліцах Менску
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Людзі на вуліцах Менску

У зьнешняй палітыцы Аляксандар Лукашэнка і дэмакратычныя сілы ня ў стане даць таго, чаго хоча большасьць беларусаў — добрых стасункаў з Захадам і Расеяй, гэта азначае, што «мэдыянны беларус знаходзіцца недзе паміж існымі праектамі Беларусі — аўтарытарнага рэжыму і дэмакратычнага руху», гаворыцца ў дасьледаваньні Chatham House.

Дасьледаваньне кіраўніка сацыялягічнага цэнтру Chatham House Рыгора Астапені «Якой Беларусі хочуць беларусы?» пабудаванае на выніках апытаньняў Chatham House, праведзеных за апошнія гады. На завяршальным этапе, у студзені-лютым 2024-га, таксама правялі 20 глыбінных анлайн-інтэрвію.

З аналізу атрыманых зьвестак Астапеня робіць выснову, што «ў Беларусі склаўся запыт на нармальнасьць, якая ўключае ў сябе ня толькі рост дабрабыту, але і запыт на пачуцьцё ўласнай абароненасьці ад тых, хто мае ўладу на розных узроўнях». Пры гэтым беларусы «лічаць, што сёньняшняя палітычная сыстэма трымаецца на сілавіках і чыноўніках, якія ў сваю чаргу маюць празьмерную ўладу над людзьмі». 50% апытаных пагадзіліся з тэзісам, што просты чалавек у Беларусі не абаронены ад самавольства ўладаў, 25% лічаць адваротна.

Назваць сябе дэмакратам ці чалавекам дэмакратычных перакананьняў пагадзіліся 53% удзельнікаў дасьледаваньня, 23% такімі сябе ня лічаць.

«Калі ўяўляць мэдыяннага беларуса, то ён ці яна хацелі б большай дэмакратычнасьці палітычнай сыстэмы, а таксама большага разьвіцьця прыватнага сэктару эканомікі — хоць лічыць беларусаў празьмернымі лібэраламі ня варта. Праект ідэнтычнасьці, які паўстаў у Беларусі, па сутнасьці задавальняе большасьць беларусаў», — адзначаецца ў дасьледаваньні.

Паводле зьнешнепалітычнай арыентацыі беларусы, згодна з дадзенымі дасьледаваньня, «падзеленыя на тры групы»: прарасейская — 41% выступае за саюз з Расеяй, пранэўтральная — 26% за саюз з Эўразьвязам і Расеяй адначасова, яшчэ 20% за тое, каб Беларусь была па-за геапалітычнымі саюзамі, і празаходняя —13% за саюз з Эўразьвязам.

«Ніводная з гэтых груп ня мае большасьці ў грамадзтве, а найбольшы патэнцыял для аб’яднаньня грамадзкіх груп мае нэўтральны варыянт падтрыманьня сувязяў з Захадам і Расеяй на аднолькавым узроўні», — падкрэсьліваецца ў дасьледаваньні.

У дасьледаваньні сьцьвярджаецца, што «адзін з выклікаў для дэмакратычнага руху Беларусі палягае ў тым, што большасьць беларусаў не гатовая прымаць праект ідэнтычнасьці, які ім настойліва прапаноўвае мэйнстрым беларускай апазыцыі». Так, напрыклад, больш людзей згодныя са сьцьвярджэньнем, што «беларусы, расейцы і ўкраінцы зьяўляюцца часткай трыадзінай славянскай нацыі» (55%), чым са сьцьвярджэньнем, што «беларусы зьяўляюцца асобнай нацыяй з уласнай гісторыяй і культурай» (41%). Гэта паказвае як распаўсюджанасьць прарасейскіх наратываў, гэтак і тое, што беларусы інакш успрымаюць нацыябудаўніцтва, чым у многіх іншых краінах Усходняй Эўропы.

На пытаньне, ці павінна беларуская мова быць адзінай дзяржаўнай мовай дакладна станоўча адказалі толькі 6% апытаных, «хутчэй так» — 10%, «дакладна не» — 33%, «хутчэй не» — 37%, яшчэ 15% апытаных заявілі, што ім складана адказаць на гэта пытаньне.

Паводле Астапені, праект Беларусі, які тэарэтычна меў бы магчымасьць аб’яднаць большасьць беларусаў, — гэта «краіна, якая дэмакратызуецца, але ня страчвае сваёй кіравальнасьці; ладзіць рынкавую трансфармацыю без балючых рэформаў, дазваляе існаваньне розных праектаў ідэнтычнасьці, а ў зьнешняй палітыцы мае прыязныя стасункі з Захадам і Расеяй».

«Выклік для сёньняшніх прадэмакратычных актараў Беларусі (шмат прадстаўнікоў якіх знаходзіцца ў эміграцыі ці ў турмах) — гэта пытаньне, як пазьбегнуць прорвы паміж мэдыянным беларусам і ўласным праектам Беларусі. Гэта можна было б вырашаць праз абарону канкрэтных інтарэсаў беларусаў. Гэткія захады падкрэсьлівалі б, што праект дэмакратычнай Беларусі — найлепшы», — гаворыцца ў дасьледаваньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG