Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка заявіў, што нападнікі на «Крокус Сіці» спачатку хацелі ўцячы празь Беларусь. Гэта супярэчыць словам Пуціна


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка 26 сакавіка заявіў, што падазраваныя ў нападзе на «Крокус Сіці Хол» у Падмаскоўі першапачаткова ехалі ў бок беларускай мяжы, паведамляе ягоная прэс-служба.

Гэтая заява супярэчыць заявам Пуціна пра тое, што ўдзельнікі нападу нібыта загадзя рыхтаваліся адступаць ва Ўкраіну.

Паводле Лукашэнкі, нападнікі на «Крокус Сіці Хол» пайшлі на ўчастак украінска-расейскай мяжы, бо не маглі трапіць у Беларусь.

«Яны не маглі пайсьці ў Беларусь. Іх куратары (у нас ёсьць падазрэньні на некаторых, гэта я Пуціну патэлефаную, скажу свае падазрэньні) — яны разумелі, што ў Беларусь заходзіць нельга. Таму што ў першыя хвіліны, як у Расеі частка вобласьці перайшла на ўзмоцнены рэжым бясьпекі, так і ў нас», — цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба.

Лукашэнка сьцьвярджае, што ў першыя хвіліны пасьля тэракту ён гаварыў са старшынём КДБ, пасьля чаго задзейнічалі сілы МУС Беларусі, выставілі пасты на дарогах, у тым ліку з Расеяй, «прыцягвалі сілы КДБ, Дзяржаўнага памежнага камітэту, некаторыя часткі вайскоўцаў».

«Таму яны ў Беларусь ніяк не маглі зайсьці. Яны гэта бачылі. Таму адвярнуліся і пайшлі на ўчастак украінска-расейскай мяжы», — сказаў Лукашэнка.

Гэтыя словы супярэчаць ранейшым словам прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, што нападнікі ехалі ў бок Украіны, дзе для іх «было падрыхтавана акно».

«Яны спрабавалі схавацца і рухаліся ў бок Украіны, дзе, паводле папярэдніх дадзеных, для іх з украінскага боку было падрыхтавана акно для пераходу дзяржаўнай мяжы», — заявіў Пуцін у тэлезвароце на наступны дзень пасьля тэракту.

26 сакавіка кіраўнік ФСБ Расеі Аляксандар Бортнікаў таксама заявіў, што для тэрарыстаў, якія ўчынілі страляніну, «было падрыхтавана акно на расейска-ўкраінскай мяжы», дзе іх чакалі і нібыта «павінны былі сустрэць як герояў».

Дарадца кіраўніка Офіса прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіл Падаляк 23 сакавіка, камэнтуючы вэрсію наконт датычнасьці да тэракту Ўкраіны, заявіў, што «ніякага „ўкраінскага сьледу“ і блізка няма».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG