Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская і кіраўнік МЗС Эстоніі выступілі з заявай да 75-й гадавіны вывазу жыхароў краін Балтыі ў Сібір


Сьвятлана Ціханоўская, архіўнае фота
Сьвятлана Ціханоўская, архіўнае фота

Міністар замежных спраў Эстоніі Маргус Цахкна і беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская 25 сакавіка апублікавалі сумесную заяву, прысьвечаную 75-й гадавіне апэрацыі «Прыбой» (яе яшчэ называюць сакавіцкай дэпартацыяй), падчас якой СССР дэпартаваў больш за 92 тысячы чалавек з Эстоніі, Латвіі і Літвы ў Сібір і іншыя аддаленыя рэгіёны, паведамляе Postimees.

Сёлета, 25 сакавіка, Эстонія адзначае 75-годзьдзе сакавіцкіх дэпартацый, калі больш за 22 тысячы эстонцаў, у асноўным жанчыны і дзеці, былі выселены са сваіх дамоў і адпраўленыя ў Сібір і іншыя аддаленыя раёны Расеі. Амаль 3% насельніцтва Эстоніі было прымусова дэпартавана саветамі ў 1949 годзе.

У Беларусі дэпартацыі пачаліся ўжо ў 1930-х гадах і працягваліся на працягу 1940-х, закранаючы ня толькі беларусаў, але і этнічныя польскія і габрэйскія меншасьці. Агулам, за гэты пэрыяд прыкладна 130 тысяч чалавек былі дэпартаваныя зь Беларусі ў аддаленыя і часта непрыдатныя для жыцьця раёны СССР. Сапраўдныя лічбы па-ранейшаму невядомыя, бо архівы КДБ могуць зьмяшчаць больш інфармацыі пра рэальны маштаб трагедыі.

«Расейская агрэсія супраць Украіны і дзеяньні тыранічнага рэжыму ў Менску зьяўляюцца жорсткімі адсыланьнямі да мінулага, і мы абавязуемся змагацца зь сіламі зла да пераможнага канца», — заявілі Ціханоўская і Цахкна.

Цахкна і Ціханоўская заявілі, што расейская агрэсія супраць Украіны і шырокія рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі паказваюць, што дыктатуры не мяняюцца і будуць працягваць ажыцьцяўляць жорсткую палітыку.

«Рэжым Лукашэнкі пазбавіў свой народ асноўных правоў чалавека і здушыў усю апазыцыю шляхам пагрозаў і масавых зьняволеньняў. Тысячы людзей застаюцца ў турмах за свае палітычныя погляды ці выказваньні», — адзначана ў заяве.

У ёй Цахкна і Ціханоўская падкрэсьліваюць, што гэтак жа як за савецкім часам эстонцаў прымусова перамяшчалі ў Сібір, цяпер пуцінская Расея «злачынна выкрадае ўкраінскіх дзяцей». У заяве адзначана, што было задакумэнтавана больш за 20 тысяч выпадкаў прымусовага выкраданьня ўкраінскіх дзяцей, але рэальная колькасьць іх «верагодна складае сотні тысяч».

«У XXI стагодзьдзі агрэсар масава дэпартуе дзяцей, пазбаўляючы іх дзяцінства. Рэжым Лукашэнкі актыўна падтрымлівае дэпартацыі, прывозячы тысячы ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі. Гэтаму злу неабходна супрацьстаяць, і тых, хто яго зьдзяйсьняе, варта прыцягнуць да адказнасьці», — лічаць Цахкна і Ціханоўская.

Таксама ў дзень 25 сакавіка, гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці БНР, Сьвятлана Ціханоўская адзначыла, што цяпер «незалежнасьць Беларусі знаходзіцца пад пагрозай з боку Расеі пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі» і ў гэты дзень дэмакратычныя сілы Беларусі патрабуюць ад сьвету паказаць салідарнасьць з палітвязьнямі і ўсімі беларусамі, якія пакутуюць ад рэпрэсій рэжыму.

«Як лідэры, адданыя дэмакратыі і правам чалавека, мы лічым, што гэта наш агульны абавязак —рашуча дзейнічаць супраць сёньняшніх дыктатур. Барацьба за свабоду ў Беларусі, барацьба супраць расейскай агрэсіі ва Ўкраіне і абарона дэмакратычных цэнаў — гэта неізаляваныя выклікі, яны ўзаемазьвязаныя бітвы ў глябальнай барацьбе за чалавечую годнасьць і свабоду», — падкрэсьлілі Цахна і Ціханоўская.

25 сакавіка 1949 году ўлады СССР пачалі сакрэтную апэрацыю масавай дэпартацыі ў Сібір жыхароў Літвы, Латвіі і Эстоніі. Мэта масавай высылкі было атрыманьне канчатковага кантролю над тэрыторыямі, акупаванымі ў 1940 годзе, неўзабаве пасьля падпісаньня дамовы аб ненападзеньні паміж Нямеччынай і СССР (пакт Молатава — Рыбэнтропа). На працягу апошніх сакавіцкіх дзён 1949 году толькі з Латвіі было дэпартавана больш за 42 тысячы жыхароў, звыш 30 тысяч — зь Літвы і больш за 20 тысяч — з Эстоніі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG