Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд ў Маскве разгледзіць запыт аб арышце яшчэ траіх падазраваных па справе тэракту ў «Крокусе»


У Басманным судзе Масквы. Ілюстрацыйнае фота
У Басманным судзе Масквы. Ілюстрацыйнае фота

Басманны суд Масквы ў панядзелак разгледзіць пытаньне аб арышце яшчэ траіх падазраваных па справе аб нападзе на «Крокус Сіці хол». Адзін зь іх — былы ўладальнік аўтамабіля, на якім уцяклі з Масквы абвінавачаныя ў нападзе.

Як паведамляе ТАСС, імёны падазраваных — Амінчон, Дылавар і Ісроіл Ісламавы. Верагодна, гаворка ідзе пра двух братоў і іх бацьку. Дылавар Ісламаў, як мяркуецца, быў апошнім уладальнікам белага «Рэно», які выкарыстоўвалі нападнікі.

Неўзабаве пасьля нападу «Новая газета — Европа» зьвязвалася з былым уладальнікам «Рэно» і называла ягоныя ініцыялы, якія супадаюць з ініцыяламі Дылавара Ісламава. Той расказаў, што за тыдзень да падзей у «Крокус Сіці холе» прадаў аўтамабіль брату сваёй жонкі і быў шакаваны, убачыўшы машыну ў хроніцы зь месца тэракту. Пазьней ягоныя сваякі расказалі журналістам, што Ісламаў сам пайшоў у аддзяленьне паліцыі, каб даць паказаньні. Пасьля гэтага сувязь зь ім зьнікла.

23 сакавіка ФСБ далажыла прэзыдэнту Расеі Ўладзіміру Пуціну аб затрыманьні 11 чалавек у сувязі са стральбой у канцэртнай залі. Чатырох зь іх падазраюць непасрэдна ў нападзе. Яны прыехалі да забаўляльнага цэнтру на белым «Рэно», пазабівалі людзей, а калі пачаўся пажар, зьехалі на гэтым жа аўтамабілі. Затрымалі іх у Бранскай вобласьці.

Астатнія сямёра затрыманых, як сьцьвярджаюць праваахоўныя органы, маглі мець дачыненьне да падрыхтоўкі тэракту.

Першых чатырох падазраваных Басманны суд арыштаваў 24 сакавіка. Сьледчы камітэт Расеі патрабуе абраць для Ісламавых аналягічную меру стрыманьня, паведамілі ў судзе.

  • Увечары ў пятніцу, 22 сакавіка, некалькі людзей у камуфляжнай форме адкрылі ў канцэртнай залі на ўскраіне Масквы (адміністрацыйна гэта падмаскоўны Краснагорск) страляніну з аўтаматаў. Потым адбыўся выбух і пачаўся моцны пажар. У выніку тэракту загінулі, паводле апошніх зьвестак, ня менш за 137 чалавек, уключаючы траіх дзяцей. Пацярпелі ня менш за 180 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG