Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяць рэгіёнаў Расеі зазналі атакі дронаў, ёсьць загінулыя і пацярпелыя. На Куйбышаўскім НПЗ узьнік пажар


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Пажар у выніку атакі дрона на Разанскім НПЗ, 13 сакавіка 2024 году
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Пажар у выніку атакі дрона на Разанскім НПЗ, 13 сакавіка 2024 году

У ноч на 23 сакавіка пяць рэгіёнаў Расеі зазналі атакі бесьпілётнікаў. Ёсьць загінулыя і пацярпелыя. Ва ўдарах расейскія ўлады абвінавацілі Ўкраіну.

У Белгарадзкай вобласьці з-за ўдараў дронаў загінуў адзін мясцовы жыхар, яшчэ двое атрымалі раненьні, паведаміў губэрнатар рэгіёну Вячаслаў Гладкоў. Таксама раніцай зазнаў чарговы напад Белгарад — над рэгіёнам спрацавала сыстэма СПА, адзначае Гладкоў. У шматкватэрным доме абрынуліся тры бальконы — загінуў мужчына, яго жонку шпіталізавалі з закрытай чэрапна-мазгавой траўмай. Розныя раненьні атрымалі яшчэ чацьвёра белгарадцаў.

У горадзе пашкоджаны больш за дзясятак дамоў, аўтамабілі і аўтобус, вадзіцель якога падчас паветранай трывогі высадзіў пасажыраў каля сховішча, чым выратаваў іх жыцьці, піша Гладкоў.

У Самарскай вобласьці ўдарам дронаў падвергліся Куйбышаўскі і Новакойбышаўскі нафтавыя заводы, паведаміў губэрнатар рэгіёну Дзьмітрый Азараў. На першым загарэлася калёна першаснай перапрацоўкі нафты, атаку на другой удалося адбіць. Ахвяр і пацярпелых няма.

Раней кіраўнік міжнароднага нафтатрэйдара Gunvor Group Тарб’ёрн Торнквіст казаў, што Расея губляе да 600 тысяч барэляў перапрацаванай нафты ў дзень з-за нападаў дронаў на нафтаперапрацоўчыя заводы. Улады Украіны лічаць расейскія НПЗ легітымнымі мэтамі.

Паводле інфармацыі Мінабароны Расеі, агулам ноччу было зьнішчана 12 бесьпілётнікаў: па пяць над Бранскай і Белгарадзкай абласьцямі і па адным — над Варонескай і Саратаўскай. Самарскай вобласьці ў сьпісе няма.

Паводле губэрнатараў Варонескай і Бранскай абласьцей, пацярпелых і разбурэньняў з-за нападаў дронаў у іх рэгіёнах няма.

Пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну расейскія рэгіёны рэгулярна падвяргаюцца абстрэлам і атакам дронаў. Мінабароны Расеі дае справаздачу аб «спыненьні» ўкраінскіх нападаў і паведамляе пра зьбітыя ракеты і дроны над тэрыторыяй Расеі. Ёсьць разбурэньні і ахвяры. У большасьці выпадкаў Кіеў гэтыя паведамленьні не камэнтуе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG