Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўракамісія афіцыйна прапанавала ўвесьці павышанае мыта на збожжа зь Беларусі і Расеі і пазбавіць краіны доступу да збожжавых квотаў


Саміт Эўразьвязу ў Брусэлі (Бэльгія)
Саміт Эўразьвязу ў Брусэлі (Бэльгія)

22 сакавіка Эўракамісія афіцыйна апублікавала прапановы аб увядзеньні павышанага мыта на пастаўкі збожжа зь Беларусі і Расеі ў Эўразьвяз і пазбаўленьні гэтых краін доступу да квотаў на пастаўку збожжа на больш выгадных тарыфных умовах.

Памер мыта складае 95 эўра за тону, альбо 50% ад кошту тавару. Мытныя абмежаваньні, у прыватнасьці, будуць спаганяцца пры пастаўках збожжа, алейных культур і прадуктаў перапрацоўкі зь Беларусі і Расеі, у тым ліку пшаніцы, кукурузы і сланечнікавага шроту.

Таксама Расея і Беларусь больш ня будуць мець доступу да квотаў Эўразьвязу на зерне, якія прапануюць больш выгадныя тарыфныя рэжымы для некаторых прадуктаў.

Мыта ня будзе закранаць транзыт указаных тавараў праз Эўразьвяз.

Цяпер прапанову Эўракамісіі мусіць разгледзець і зацьвердзіць Эўрапейская Рада. Мыта ўвядуць неадкладна пасьля зацьверджаньня.

Раней прэзыдэнтка Эўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен заявіла, што такія тарыфы зьменшаць рызыкі для эўрапейскага рынку і фэрмэраў.

«Яны (мыты) зьменшаць здольнасьць Расеі выкарыстоўваць ЭЗ на карысьць сваёй вайсковай машыны. І мы працягваем нашу адданасьць захаваньню глябальнай харчовай бясьпекі, асабліва для краін, якія разьвіваюцца. Мы знаходзім правільны балянс паміж падтрымкай нашай эканомікі і фэрмэрскіх грамад. У той жа час захоўваем непахісную падтрымку Ўкраіны», — заявіла Ўрзуля фон дэр Ляен.

У 2023 годзе Расея экспартавала ў Эўразьвяз да 4,2 мільёна тон збожжа на 1,3 мільярда эўра. Аб’ёмы прадукцыі зь Беларусі ў ЭЗ у той жа час склалі 610 тысяч тон на 246 мільёнаў эўра.

Міністры сельскай гаспадаркі Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы і Чэхіі прапанавалі Эўрапейскай камісіі забараніць пастаўкі збожжа з Расеі і Беларусі ў Эўразьвяз.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG